- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У каляднай акцыі «Кошык Дабрыні» можа прыняць удзел кожны навагрудчанін

[1]На мінулым тыдні ў магазіне «Родны кут» па вул. Міцкевіча ў Навагрудку быў дадзены старт каляднай дабрачыннай акцыі «Кошык Дабрыні», арганізаванай парафіяй Святога Арханёла Міхаіла сумесна з парафіянамі і гандлёвымі аб’ектамі горада і раёна. Акцыя накіравана на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных сем’яў.

Як расказаў, пробашч парафіі Святога Міхала Арханёла ксёндз Юрый Жыгарын, упершыню падобная акцыя была арганізавана ў мінулым годзе прыходам Святога Казіміра аг. Уселюб. Сёлета было прынята рашэнне правесці яе больш маштабна, каб дапамогу атрымалі як мага больш сем’яў.

У адкрыцці акцыі таксама прынялі ўдзел пробашч парафіі Святога Казіміра ксёндз Віталій Цыбульскі, сястра Гэлена з манаскай супольнасці сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, дырэктар Навагрудскага філіяла Гроднааблспажыўтаварыства Валянціна Кандратовіч, прыхаджане і работнікі магазіна.

[2]

Акцыя праходзіць у розных гандлёвых аб’ектах Навагрудка і магазінах «Родны кут» у аграгарадках. Ажыццяўляецца збор прадуктаў харчавання, якія не патрабуюць асаблівых умоў захоўвання і з доўгім тэрмінам годнасці (крупы, мука, алей, кансервы, пячэнне і г.д.), гігіенічных сродкаў, канцылярскіх тавараў.

Прыняць удзел у акцыі можа любы жадаючы – для гэтага неабходна набыць пэўны тавар і пакласці яго ў спецыяльны кошык, устаноўлены ў магазіне. Калі «Кошык Дабрыні» будзе запоўнены, сабраныя прадукты і тавары паўсядзённага попыту перададуць у сем’і.

Працягнецца акцыя да 10 студзеня. Аказанне дапамогі будзе ажыццяўляцца па меры запаўнення «Кошыка Дабрыні».

Арганізатары акцыі сталі яе першымі ўдзельнікамі і за пару хвілін напоўнілі першы кошык. Спадзяёмся, што і навагрудчане прымуць актыўны ўдзел у гэтай добрай справе. У навагоднія і калядныя святы святочны настрой павінен быць ва ўсіх дзяцей.

Анастасія Пятрова