У Японіі ажыятаж вакол візіту Святога Айца

Праз два тыдні Папа Францішак адправіцца ў Японію. У сталіцы краіны так шмат тых, хто жадае сустрэцца са Святым Айцом, што Такійская архідыяцэзія абвясціла аб розыгрышы ўваходных білетаў.

Напрыклад, на св. Імшу ў Токіо, якую ўзначаліць Пантыфік, зможа прыйсці толькі 55 тыс. чалавек. Японскія вернікі павінны былі заявіць пра свой намер прыняць удзел у папскай Эўхарыстыі на спецыяльным сайце. Хоць тэрмін рэгістрацыі ўжо прайшоў, бясплатныя білеты яшчэ не разаслалі. Камітэт, які арганізоўвае сустрэчу з Францішкам у Нагасакі, паведаміў аб затрымцы з выдачай білетаў з-за патрабаванняў бяспекі.

Папа Францішак прыбудзе ў Токіо 23 лістапада 2019 г. У нядзелю Хрыста Валадара Сусвету ён адправіцца ў самы каталіцкі горад Японіі, у Нагасакі, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу. Пасля гэтага ён наведае Хірасіму, дзе выступіць з прамовай у Мемарыяльным парку міра, а потым вернецца ў сталіцу, каб сустрэцца з вернікамі на стадыёне Tokyo Dome.

Папскі візіт у Японію адбудзецца пад дэвізам “Барані кожнае жыццё”. Японія – адна з вядучых краін свету па абортах сярод падлеткаў – штогод тут памірае больш за 200 тыс. ненароджаных дзяцей. Праблемамі з’яўляюцца: пашырэнне насілля ў сям’і, значная колькасць самагубстваў і смерцяў ад ператамлення, а таксама страх кантакту з навакольным светам.

Святы Айцец наведае Краіну ўзыходзячага сонца ў 470-ю гадавіну прыбыцця сюды св. Францішка Ксаверыя, Апостала Японіі. З 127 мільёнаў жыхароў католікамі тут сябе называюць каля паўмільёна.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку