У Італіі выкрадзены рэліквіі св. Яна Паўла II і благаслаўлёнага а.Ежы Папялушкі

З санктуарыя Монтекастеллa (паўночная Італія) выкрадзены рэліквіі святога Яна Паўла II і благаслаўлёнага а. Ежы Папялушкі. Пра гэта 25 кастрычніка 2017 паведаміла мясцовая прэса Брэшыі.

Пробашч кс. Джузэпэ Маттанца, мяркуе, што крадзеж здзейснілі двое турыстаў, якія зайшлі ў санктуарый незадоўга перад тым, як яго зачынялі на ноч.

Зніклі ампулка з крывёю святога Папы-паляка, якую мясцовым верным падараваў кардынал Станіслаў Дзівіш, яго былы асабісты сакратар, а таксама фрагмент косткі капелана польскай «Салідарнасці». Самі рэліквіі знаходзіліся каля алтара.

Кс. Маттанца спадзяецца, што рэліквіі ў бліжэйшы час вернуцца ў святыню, паколькі гаворка ідзе аб прадметах, якія немагчыма «ператварыць у грошы». Аднак ён таксама не выключае таго, што крадзеж здзейснены па нечым загадзе.

Пробашч санктуарыя заклікае вярнуць іх, можна і ананімна, таму што гэтыя рэчы занесены ў адпаведны каталог і прадаць іх не атрымаецца.

Працягваецца следства.

CREDO

для друку для друку