У Італіі ксёндз і адначасова шматдзетны бацька адзначае 100-гадовы юбілей

кс. Пробо Ваккарыні

Каталіцкі ксёндз і бацька семярых дзяцей кс. Пробо Ваккарыні (Probo Vaccarini) 4 чэрвеня ў Рыміні (Італія) адзначае 100-гадовы юбілей з дня нараджэння. Юбіляр, як удавец, заахвочаны сваёй сям’ёй, скончыў тэалогію і ў 69 год прыняў святарскае пасвячэнне.

Ад таго часу з’яўляецца пробашчам маленькай італьянскай супольнасці. Юбілей адзначаць урачыстай св. Імшой у катэдры ў Рыміні, якую будзе цэлебраваць біскуп Франчэска Ламбясі (Francesco Lambiasi) разам з юбілярам і яго чатырма сынамі-святарамі.

Кс. Ваккарыні нарадзіўся 4 чэрвеня 1919 года. Пасля ўдзелу ў расійскай кампаніі падчас Другой сусветнай вайны, адвучыўся і працаваў геадэзістам. У сужэнстве з Ганнай Марыяй нарадзіліся тры дачкі і чатыры сыны.

Пробо Ваккарыні з жонкай і дзецьмі. Фота misyjne.pl/youtube

Дочкі стварылі свае сем’і, а ўсе сыны выбралі святарскі шлях жыцця. Пасля смерці жонкі, якой было 51 год, штораз больш браў удзел у жыцці касцёла. Найперш стаў акалітам, потым сталым дыяканам. Будучы вялікім шанавальнікам св. айца Піа, з якім пазнаёміўся ў дзяцінстве і які быў яго духоўным кіраўніком, арганізоўваў пілігрымкі да Сан Джовані Ратонда. Менавіта там, падчас Імшы пазнаў, што Бог хоча, каб стаў святаром. «Дзецям мая ідэя спадабалася і вельмі мне дапамагалі, каб змог рэалізаваць яе», — кажа кс. Ваккарыны. Пасвячэнне прыняў у 69-гадовым узросце. Для гэтага спецыяльна атрымаў дазвол з Апостальскай Сталіцы. «Маю за плячыма 30 год святарства, а адчуваю радасць і энтузіязм, як у дзень пасвячэння», — прызнаецца.

«Кс. Пробо з’яўляецца для нас айцом, сапраўдным патрыярхам. Мае некалькі рэкордаў, з якімі павінен трапіць у Кнігу Гінеса. Па-першае, ён ксёндз і мае чатырох сыноў-святароў, акрамя таго прыняў усе сем святых сакрамантаў, — кажа біскуп Ламбясі. — У рэаліях нашай дыяцэзіі нясе сведчанне прыгожага хрысціянскага жыцця, а таксама бацькоўства — мае сапраўды шмат духоўных дзяцей, якіх вядзе па жыцці. З’яўляецца прыкладам незвычайнага святарскага братэрства».

Кс. Пробо Ваккарыні разам з біскупам Франчэска Ламбясі і сынамі-святарамі падчас Імшы з нагоды 99-й гадавіны нараджэння. Фота misyjne.pl/youtube

Па матэрыялах Radio Watykańskie
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку