У Італіі адновяць разбураныя землятрусам храмы

italia_zemlatrysПрэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнцы запэўніў, што разбураныя землятрусам касцёлы будуць адбудаваны нанова, распавёў журналістам арцыбіскуп Спалета-Норчы Рэната Бакарда.

“Я размаўляў з старшынёй Савета Міністраў, які паабяцаў аднавіць усё: дамы, касцёлы, грамадскія пабудовы. Гэта напаўняе надзеяй. Я не эксперт, але вядома, што адбудова гэтых пярлінаў будзе нялёгкай справай”, — сказаў іерарх.

Адным з самых значных і вядомых храмаў, які быў разбураны землятрусам, стала базыліка св. Бэнэдыкта ў Норчы, пабудаваная ў ХІІІ ст. Лічыцца, што яна была ўдзведзена над фундаментам дому, у якім нарадзіўся заснавальнік заходняга манаства і апякун Еўропы. На сённяшні дзень ад яе застаўся толькі фасад.

Аб гатоўнасці прафінансаваць аднаўленне святыні заявіў італьянскі бізнэсмен і мецэнат Брунэла Кучынэлі. Прадпрымальнік не першы год дапамагае мясцовым бэнэдыктынам. “Мы адновім яе, як рабілі нашы продкі”, — сказаў Кучынэлі, спасылаючыся на адбудову святыні мясцовымі жыхарамі пасля землятрусу ў 1702 г. Свае планы прадпрымальнік ужо абмеркаваў з кіраўніком італьянскага ўраду.

У цэнтральнай частцы Італіі з канца жніўня 2016 г. працягваюцца падземныя штуршкі. У выніку, разбурана вялікая колькасць дамоў, пабудоваў, аб’ектаў культурнай і рэлігійнай спадчыны. Без даху над галавой засталіся каля 40 тыс. чалавек.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку