У гудагайскім санктуарыі прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай

DSCF3454У парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, што на Гродзеншчыне, 19 ліпеня а 12 гадзіне адбылася адпустовая Святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Прысутнічаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які цэлебраваў Эўхарыстую ранкам на польскай мове.

Напачатку пробашч парафіі а. Казімір Мараўскі OCD прывітаў пілігрымаў з Беларусі і з-за мяжы, якія прыбылі на адпустовыя ўрачыстасці.

У гаміліі біскуп Юзаф звярнуўся да вернікаў, кажучы: “Пытанне цішыні турбуе чалавека ў XXI стагоддзі. Мы павінны адрозніваць мёртвую цішыню, якая дае жах і трывогу чалавеку, ад цішыні правільнай, якая з’яўляецца прыгожай гармоніяй. Яна дадзена ў гэты свет праз Бога. Гэта мелодыя нашай зямлі, ад Бога ўпісаная ў мелодыю чалавека, вызваленага з шуму свету, які кажа “цішыня і супакой”.  А на самай справе чалавек атрымлівае гэты вялікі супакой ад Бога. На працягу тысячагоддзяў чалавек  уцякаў ад шуму жыцця, імкнуўся да Божай цішыні. У такую цішыню Божую, у гэтую чарадзейную мелодыю ўзыходзілі таксама прарокі і пустэльнікі на гару Кармель. У ёй было нешта асаблівае, што давала чалавеку перажываць блізкасць Бога. Не было мёртвай цішыні. І сёння сэрцы людзей імкнуліся сюды, каб акунуцца ў цішыню гэтай зямлі, жывую цішыню. Каб дакрануцца да  гэтага Божага свету. Бо мы па ім сумуем. І жадаем напаўняць сябе Богам”.

Іерарх заклікаў у сваіх малітвах прыносіць да Бога справы цэлага свету, а асабліва маліцца за мір ва Украіне. Ён таксама нагадаў, што крыніцай сям’і з’яўляецца сакрамант, што сутнасць сям’і – сакрамантальнае жыццё.

“Д’ябал пастаянна блукае і шукае, на каго можна напасці. Шкаплер – знак для яго, што ты пад плашчом духоўнай апекі Марыі. Яе прысутнасць разам са шкаплерам з’яўляецца абаронай”, – гаварыў біскуп.

На заканчэнне пастыр звярнуўся да прысутных са словамі:  “Кожны з Вас вернецца  да штодзённых абавязкаў з дадатковым умацаваннем. Бо душа і сэрца атрымалі  тут Божую энергію і новыя сілы. Вы вернецеся, каб асвячаць іншых. Каб паядналіся сем’і, прабачылі суседзі і зразумелі дзеці. Нават самы вялікі грэшнік павінен пастаянна прысутнічаць у нашых малітвах, каб навярнуўся. Няхай прачыстая Дзева Марыя дасць Вам адчуць сэрцам гэтую цудоўную мелодыю прысутнасці Бога, гэтую духоўную цішыню, гэтую атмасферу міру і любові.

Гудагайскі касцёл славіцца абразом Маці Божай Гудагайскай, культ ушанавання якога звязаны са шкаплерным набажэнствам. 20 ліпеня 2014 г. падчас святкавання 250-годдзя з часу свайго асвячэння касцёл у Гудагаі быў аб’яўлены дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Шкаплернай Гродзенскай дыяцэзіі. У святыні знаходзіцца вядомы ласкамі абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў каранаваны папскімі каронамі 15 ліпеня 2007 г.

Ірына Грэйць

для друку для друку