- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

У Гродне трое семінарыстаў атрымалі сутаны

[1]Хоць яны яшчэ застаюцца толькі семінарыстамі, бо пакуль не прынялі пасвячэння, але знешне ўжо не адрозніваюцца ад святароў. На шляху да мэты фармацыі яны змянілі свой выгляд і з гэтай хвіліны будуць адназначна атаясамлівацца са святарскім пасланніцтвам Езуса.

8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, трое навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўпершыню апранулі духоўнае адзенне – сутаны і калараткі. Прыняццем яго яны пацвердзілі сваю волю радыкальнага імкнення за Хрыстом і абранне святарскага паклікання.

Сутаны атрымалі семінарысты Андрэй Юхнік, Віталій Гурэц і Артур Вільнеўчыц.

Урачыстую Эўхарыстыю ў семінарыйнай капліцы ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што духоўная вопратка, якую атрымліваюць семінарысты, – “асаблівы знак дыялогу з Хрыстом і бачны знак прыналежнасці да супольнасці вучняў Пана”.

Біскуп нагадаў, звяртаючыся да ўсіх семінарыстаў, што “святарства, да якога мы накіроўваемся, – гэта ахвяраванне свайго жыцця, а не ўтварэнне яго на свой густ”. “Здабывайце навуку шчырым, адкрытым сэцрам, здольным прызнаць і аплакваць свае слабасці, з верай, што менавіта там будзе дзейнічаць Божая міласэрнасць”, – дадаў іерарх.

Пасля благаслаўлення сутан біскупам семінарысты накіраваліся ў сакрыстыю і з дапамогай старэйшых калег апранулі сваё першае духоўнае адзенне. Традыцыйна гэтаму моманту спадарожнічаў звычай абразання гальштукаў.

[2]На святой Імшы прысутнічалі бацькі, родныя і сябры семінарыстаў.

На заканчэнне ўсім сабраным на гэтай узрушаючай падзеі, асабліва бацькам семінарыстаў, якія апранулі сутаны, і біскупу, падзякаваў кс. Віталій Вайцяхоўскі, рэктар семінарыі. Звяртаючыся да семінарыстаў, святар адзначыў: “Духоўная вопратка перарастае нас усіх, і мы павінны старацца дарасці да яе”, — падкрэсліўшы такім чынам, што гэта нялёгкая мэта, але дасягальная.

Moжна сказаць, што ў гэты дзень – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – трое семінарыстаў чарговы раз падарылі Маці Божай свае сэрцы, а Яна са свайго боку “адарыла” іх духоўнай вопраткай. Таму жадаем ім заўсёды быць сведкамі Бога жывога, веры, надзеі і любові для вернікаў, і каб іх сэрцы былі напоўнены любоўю да Бога і бліжніх!

кс. Юрый Марціновіч, тэкст
Тамаш Мікалайчык, семінарыст, фота
grodnensis.by [3]