У Гродне адкрылася выстава гравюр XIX cтагоддзя

28 лістапада ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі пачала экспанавацца выстава “Адкрыццё святой прыгажосці”. Яна прымеркаваная да 500-годдзя першай беларускай гравюры і першай друкаванай кнігі, пачатак якім паклаў Францыск Скарына, распачаўшы ў 1517 г. выданне ілюстраванай Бібліі.

Прадстаўленыя на выставе работы аб’ядноўвае адна агульная тэма – тэма хрысціянскай духоўнасці. Гэта невыпадкова. Біблейскія сцэны, вобразы святых пачалі адлюстроўвацца з моманту зараджэння хрысціянства. Дарэчы, першая еўрапейская гравюра мела менавіта хрысціянскі сюжэт, які адразу стаў вядучым у гэтай галіне выяўленчага мастацтва і ў наступныя часы. 

Выстава ўключае калекцыю гравюрных дошак на медзі ХІХ ст. з выявамі сцэн Старога і Новага Запаветаў. У экспазіцыі прадстаўлены таксама сучасныя прылады, з дапамогай якіх майстры ствараюць гравюры сёння.

У межах адкрыцця выставы адбылася лекцыя мастака-графіка Юрыя Якавенкі.

«Для гравюры неабходны тры рэчы: матрыца, фарбавальнік і матэрыял, на які пераносіцца выява. Але працэс яе стварэння заўсёды быў падобны ювелірнаму: патрабаваў шмат часу і стараннасці. Раней над адной гравюрай увогуле магло працаваць адразу некалькі спецыялістаў: хтосьці лепш рабіў пейзаж, хтосьці — рысы твару або канечнасці. Былі нават адмысловыя майстры па адлюстраванні складак на адзенні. І на падобную працу ішло нават некалькі месяцаў», — адзначыў спадар Юрый. 

Бонусам для прысутных стала магчымасць адчуць сябе майстрам-друкаром і зрабіць адбітак на паперы. Прынцып працы станка застаўся без змен і па гэты дзень.

Музей працуе штодня акрамя выхадных з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30). Бясплатны дзень — другі панядзелак кожнага месяца. 

grodnensis.by

для друку для друку