У Гродне адбыўся агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця

10 лютага ў Гродне адбыўся агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця. Прадстаўнікі манаскіх таварыстваў і законніцкіх супольнасцяў з усёй Беларусі прыбылі ў Гродзенскую катэдру, каб разам памаліцца і папрацаваць. Удзел у сустрэчы прынялі таксама прадстаўнікі салезіянскай сям’і.

Распачалася сустрэча з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой можна было таксама скарыстацца таямніцай споведзі. Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама прынялі ўдзел у сустрэчы біскупы Аляксандр Яшэўскі SDB, Аляксандр Кашкевіч, Юрый Касабуцкі і Юзаф Станеўскі.

У сваёй прамове падчас казання арцыбіскуп падкрэсліў вялікую важнасць дзейнасці кансэкраванных асобаў і адказнае заданне, якое яны маюць ў жыцці і місіі Касцёла. Арцыпастыр ад імя Каталіцкага Касцёла на Беларусі выказаў падзяку манаскім супольнасцям, якія пасля рэлігійнага пераследу дапамаглі адрадзіць тут веру. Мітрапаліт адзначыў, што кансэкраваным асобам неабходна захоўваць еднасць з Хрыстом, а таксама ў манаскіх супольнасцях і паміж дыяцэзіяльным і манаскім духавенствам .

Калі завяршылася Святая Імша, усе накіраваліся ў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю, дзе адбылася працоўная частка сустрэчы: семінар Quo vadis, persona consecrata? — «Куды ідзеш, кансэкраваная асоба?» і абмеркаванне надзённых пытанняў.

Прадстаўнікам манаскіх і законніцкіх супольнасцяў для абмеркавання найбольш надзённых пытанняў было прапанавана прыняць удзел у так званым Сусветным кафэ. У вялікай зале семінарыі былі расстаўлены сталы, за якімі і адбывалася абмеркаванне. На кожнае пытанне было адведзена не больш за 15 хвілін, калі час скончваўся, можна было перайсці за іншы стол і працягнуць дыялог з іншымі суразмоўцамі. Пасля адбылося падвядзенне вынікаў на агульным форуме.

Сустрэча атрымалася вельмі дынамічнай і прадуктыўнай, яе вынікі яшчэ будзе апрацоўваць Каардынацыйная група.

Напрыканцы сустрэчы пысутныя падзякавалі біскупам за прысутнасць і супольную працу, прадстаўнікам Міждыяцэзіяльнай семінарыі і ўсім гаспадарам — за гасціннасць, а таксама ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі сустрэчы. Словы падзякі гучалі ў адрас старшыні Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў на Беларусі кс. Віктара Гайдукевіча SDB, які зараз знаходзіцца ў Італіі і які прыклаў шмат намаганняў, каб дадзеная сустрэча адбылася.

Заключнае слова ўзяў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён адзначыў, што вельмі задаволены сваім удзелам у сустрэчы, а таксама тым, як яна прайшла. Біскуп адзначыў вялікую вартасць і неабходнасць сустрэч падобнага кшталту, бо яны даюць кансэкраваным асобам, а праз іх і усяму Касцёлу на Беларусі, імпульс для далейшага руху і развіцця.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB і біскуп Юрый Касабуцкі ўдзялілі прысутным пастырскае благаслаўленне.

Уладзіслаў Зарэцкі ASC, sdb.by

для друку для друку