У Гродне адбылася Імша падзякі за благаслаўлёных францішканскіх мучанікаў

09_michal_zbigniew12 снежня а 13 гадзіне ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай адбылася св. Імша падзякі за дар беатыфікацыі а. Міхала Тамашка і а. Збігнева Стшалкоўскага, францішканскіх мучанікаў з Перу. У набажэнстве прынялі ўдзел айцы-францішкане з усёй Беларусі: Гродна, Івянца, Гальшанаў, Свіслачы, Першаеў, Поразава і Удзела.

Варта нагадаць, што айцы Міхал Tамашак і Збігнеў Стшалкоўскі былі місіянерамі з кракаўскай правінцыі францішканаў (OFMConv). Яны служылі Богу і людзям да таго моманту, як аддалі жыццё 9 жніўня 1991 г. у мясцовасці Пар’якота ў перуанскіх Андах. Тэрарысты з арганізацыі «Светлы шлях» забілі айцоў, сцвярджаючы, што іх дзейнасць спрыяла таму, што мясцовыя жыхары аказалі супраціў рэвалюцыі. Мучанікаў беатыфікавалі 5 снежня гэтага года.

Падчас св. Імшы падзякі за дар благаслаўлёных мучанікаў да прысутных з гаміліяй звярнуўся а. Ян Хернік з удзельскай парафіі.

grodna1Святар узгадаў пра францішканскіх мучанікаў з часоў Другой сусветнай вайны – св. Максіміліяна Кольбэ і бл. айцоў Германа Стэмпеню і Ахілеса Пухалу, і наблізіў прысутным гісторыю жыцця і мучаніцтва нашых сучаснікаў – а. Міхала Тамашака і а. Збігнева Стшалкоўскага:

— Мы павінны дзякаваць Богу за тое, што мы не толькі мелі, але і сёння маем тых, хто гатовы прысвяціць сябе любові і служэнню бліжнім, аддаць жыццё за веру.

Айцец Ян таксама адзначыў, што “трэба памятаць пра шчырую малітву за тых, хто пераследуе хрысціян, каб кроў мучанікаў не была праліта дарэмна, каб самім быць сапраўднымі паслядоўнікамі Хрыста”.

Напрыканцы св. Імшы пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай а. Антоні Пажэцкі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы.

grodna
***
Малітва ўдзячнасці за дар мучанікаў з Перу

Пане, які адарыў ласкай святарства сваіх сыноў —
Міхала, Збігнева і Алесандро і паслаў іх вестунамі
Добрай Навіны ў Перу, дзякуем Табе за тое, што
ўдзяліў ім пальму мучаніцтва, і просім, каб Ты ўславіў
іх таксама каронаю святасці.
За кроў, пралітую імі дзеля Цябе, дай нам вернасць у веры,
учыні нас сведкамі надзеі, захавай нашае жыццё
і ўдзялі нашай Бацькаўшчыне ласку супакою.
Прымі нявінных ахвяраў гвалту ў Тваё Валадарства
і дай ім вечную ўзнагароду. Амэн.

grodnensis.by

для друку для друку