У Гродне прайшла акцыя ў падтрымку анкахворых дзяцей

У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі 10 лютага прайшла акцыя «З верай у жыццё і ў людзей» у падтрымку маленькіх пацыентаў Гродзенскага дзіцячага хоспіса.

Да ўдзелу ў акцыі запрасілі клірыка праваслаўнага кафедральнага Пакроўскага сабора іерэя Міхаіла Перца, настаяцеля касцёла святога Францішка Ксаверыя кс. Яна Кучынскага, барда Віктара Шалкевіча, мастакоў Аляксандра Сільвановіча і Генадзя Піцко, а таксама іншых вядомых людзей Гродна, паведамляе orthos.org.

Запрошаным неабходна было намаляваць карціну, якая дала б пазітыўны эмацыйны пасыл гледачам і ўдзельнікам акцыі.

Напісаныя карціны можна будзе ўбачыць у Гандлёвым Цэнтры Old City, дзе працягнецца акцыя ў падтрымку дзяцей.

Пробашч фарнага касцёла кс. Ян Кучынскі намаляваў жывую руку: “Мы ўсе розныя, як чалавечкі на пальцах: радасныя, сумныя, абыякавыя, задуменныя, суворыя. Але складаем адно цэлае. Нехта сумны таксама знаходзіцца ў гэтым арганізме, жывіцца з адной вены. Калі ўсе пальцы сціснуць, то разам шмат чаго можна зрабіць. А неба і сонейка – як сімвал надзеі”.

Айцец Міхаіл Перац намаляваў поле макаў. Макі маюць падвойную сімволіку: адвар з мака памяншае боль, а самі кветкі сімвалізуюць цярпенне Хрыста: «Цярпенне мае сэнс і надзею».

З-пад пэндзля Віктара Шалкевіча выйшаў сланечнік, а ў дарэктара Музея гісторыі рэлігіі Рыты Янчалоўскай атрымаўся анёл.

krynica.info

для друку для друку