У Гродне адсвяткавалі чарговую гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай

kangregackaja_95 жніўня а 12-ай гадзіне ў гродзенскім касцёле імя св. Францішка Ксаверыя адбылася адпустовая св. Імша з нагоды чарговай гадавіны каранацыі абраза Маці Божай Кангрэгацкай. На св. Эўхарыстыі прысутнічалі парафіяне і госці, якія сабраліся каля галоўнага алтара. Узначаліў набажэнства біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

“Ніколі не трэба ўспрымаць знакі, праявы Божай любові да людзей як штосьці, што ўжо адышло ў гісторыю і больш не датычыць сучаснага чалавека. І варта дзякаваць Маці Божай за тое, што мы, тут прысутныя, заўсёды вяртаемся да Бога”, – адзначыў у гаміліі іерарх.

Ужо традыцыйна напрыканцы св. Імшы пробашч парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. Ян Кучынскі распавёў сабраным пра цуды, здзейсненыя Маці Божай Кангрэгацкай. Гэтым разам святар прыгадаў пра выпадак аздараўлення немаўляці: “Нованароджанаму ў пэўнай сям’і паставілі дыягназ невылечнай хваробы. Дзіця падключылі да апарату штучнага падтрымання жыцця і папярэдзілі бацькоў, каб тыя рыхтаваліся да найгоршага. Маці хлопчыка пачала шукаць дапамогі ў Бога і, зайшоўшы ў нашу катэдральную святыню, як раз трапіла на адмаўленне Ружанца каля алтара Марыі. Жанчына накіравала да Нябеснай Маці свае просьбы, і нядаўна яе ўжо здароваму дзіцятку споўніўся год. Хлопчыка завуць Сяргей”.

Дзякуючы цудам, якія адбываюцца праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай, Яе культ няспынна пашыраецца сярод вернікаў Гродзеншчыны і па-за яе межамі.

grodnensis.by

для друку для друку