У Гомелі ў гонар кананізацыі Маці Тэрэзы зладзяць абед для бедных

abed dla bednyxУ гонар заснавальніцы свайго ордэна сёстры Місіянеркі Міласэрнасці (сёстры Маці Тэрэзы) арганізуюць у Гомелі святочны абед для бяздомных і бедных 7 верасня ў Доме міласэрнасці.

Вечарам 9 верасня ў мясцовым касцёле пройдзе св. Імша падзякі за кананізацыю Маці Тэрэзы, а пасля службы ў храме адбудзецца прагляд фільма пра новую святую і салодкі стол для парафіянаў.

Ва ўрачыстасцях з нагоды кананізацыі Маці Тэрэзы ўдзельнічала група гомельцаў на чале з пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Нараджэння Божай Маці айцом Славамірам Ласкоўскім. А сёстры ордэна Маці Тэрэзы, якія служаць у Гомелі, не змаглі адправіцца ў Рым, але назіралі за кананізацыяй заснавальніцы ордэна праз інтэрнэт.

Прамую трансляцыю з Ватыкана для сясцёр і жыхароў Дома міласэрнасці арганізавалі парафіяне касцёла, паколькі самі манахіні, паводле свайго статуту, не маюць кампутараў і іншых тэхнічных сродкаў.

Нагадаем, адзіныя ў Беларусі прадстаўнікі ордэна Маці Тэрэзы служаць у Гомелі. Сёстры з розных краін утрымліваюць Дом міласэрнасці, у якім дапамагаюць бедным і бяздомным ужо больш за 20 год і займаюцца многімі справамі, за якія мала хто хацеў брацца. Дом Міласэрнасці служыць прытулкам для некалькіх хворых мужчын і жанчын, якія апынуліся на вуліцы без сродкаў да існавання.

Сёстры даглядаюць за імі, лечаць, дапамагаюць кінуць піць, аднавіць дакументы і ўладкавацца на працу. Місіянеркі рыхтуюць абед для бяздомных, раздаюць прадукты і адзенне для бедных сем’яў і адзінокіх старых, працуюць з дзецьмі з малазабяспечаных і праблемных сем’яў.

Парафіяне касцёла дапамагаюць у Доме міласэрнасці карміць жабракоў, прыходзячы на працу ў сталовую. Дапамагчы можа кожны: напрыклад, раздаць ежу, памыць посуд, прынесці вопратку ці абутак.

katolik-gomel.by

для друку для друку