У Гомелі пачалося будаўніцтва новага касцёла

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, асвяціў крыж і зямлю пад будаўніцтва аднайменнай святыні ў Гомелі.

Парафія з такім тытулам існавала ў горадзе да 1938 году. Затым улада бальшавікоў закрыла парафію, святары былі рэпрэсаваныя і забітыя, а ў 1940 годзе касцёл, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы, быў узарваны камуністамі.

Біскуп Казімір Велікаселец, калі прыехаў служыць у Гомель, адрадзіў парафію і зарэгістраваў яе ў 2013 годзе, затым пачаў займацца справай выдзялення ўчастку для будаўніцтва святыні. Узводзіць касцёл вырашылі не на гістарычным месцы, а ў Савецкім раёне горада — на перакрыжаванні Рэчыцкага праспекту і вуліцы Аб’язной. На цэнтральнай плошчы пабудаваць святыню цяпер амаль немагчыма, і ў гэтым няма вялікага сэнсу.

Пакуль адзіны касцёл у горадзе знаходзіцца таксама ў цэнтры, а ў іншых раёнах Гомеля няма каталіцкіх святыняў, і вернікі вымушаны доўга дабірацца да касцёла.

Пляцоўка пад будаўніцтва новай святыні была выдзелена на ўскрайку горада, сёлета там пачаліся падрыхтоўчыя працы. Ужо выкапаны катлаван і пракладзены камунікацыі, усталяваны крыж і фігура Божай Маці, з’явіцца тут і часовая драўляная капліца.

Такім чынам касцёл будуецца праз 80 год пасля закрыцця папярэдняй парафіі.

Датай асвячэння месца будоўлі касцёла Унебаўзяцця Панны Марыі была выбрана сёлетняя ўрачыстасць. Падчас набажэнства мясцовыя парафіяне маліліся аб Божым благаслаўленні будоўлі, а біскуп Казімір Велікаселец асвяціў тут зямлю.

Як знак Божага благаслаўлення вернікі ўспрынялі раптоўны дождж.

Роўна а 15-й гадзіне, калі павінна было распачацца набажэнства, лівень шчодра паліў зямлю. Бог сам асвяціў гэта месца, упэўнены біскуп.

— Гістарычная парафія аднаўляецца, і там, дзе ёсць вернікі, там павінна быць святая Імша, а яна павінна быць у святыні. Пытанне аб выдзяленні месца для будаўніцтва вырашалася амаль чатыры гады. І цяпер просім Пана аб тым, каб ён блаславіў гэтае месца, каб тут быў дом Божы, каб людзі маглі тут маліцца. Бо мэта нашага жыцця — шанаваць Бога, а Пан будзе нас дабраслаўляць. Бацькі любяць сваіх дзяцей, мы ўсе дзеці Пана, і Ён любіць нас, а на любоў трэба адказваць любоўю. Мы не адным хлебам жывем. Наша жыццё залежыць ад таго, як мы молімся. Адыдзем ад Бога — перастанем любіць адзін аднаго, — перасцярог іерарх.

Выгляду знішчанай камуністамі святыні новы касцёл мець не будзе. Ён спраектаваны ў псеўдагатычным стылі, выцягнуты ўгору і мае 30-метровыя вежы, бо побач месцяцца шматпавярховыя дамы, якія б закрывалі сабой невысокі касцёл.

Макет новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Макет новага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Цікава, што вуглавы камень новага касцёла ў Гомелі ў 2015 г. благаславіў Папа Рымскі Францішак.

Будзе закладзены ў падмурак і яшчэ адзін камень, які асвяціў Пантыфік — гэта невялікі каменчык, які біскуп Казімір Велікаселец прывез з Назарэту, роднага горада Езуса Хрыста, падчас нацыянальнай пілігрымкі ў Святую Зямлю.

Нагадаем, пакуль у 500-тысячным Гомелі ёсць толькі адна каталіцкая святыня, якая ў нядзелі і асабліва ў асноўныя ўрачыстасці часта не змяшчае ўсіх жадаючых удзельнічаць у святой Імшы. Да таго ж вернікам, што жывуць у іншых раёнах горада, цяжка дабірацца да касцёла, размешчанага на вуліцы Савецкай.

katolik.life

для друку для друку