У Глыбокім срэбны юбілей манаскага жыцця адзначыла сястра Людміла Рубніковіч RM

13 верасня 2020 года ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім 25-годдзе манаскага жыцця адзначыла сястра Людміла Рубніковіч з Кангрэгацыі сясцёр францішканак Сям’і Марыі.

Сястра Людміла нарадзілася ў Глыбокім, вучылася, тут адказала Пану Богу «так» на Яго заклік. І дала пачатак глыбоцкім пакліканням да францішканак Сям’і Марыі. Пазней яе шлях фармацыі трываў у Польшчы. Пасля першых шлюбаў на некаторы час вярнулася ў Беларусь, затым была вучоба ў Польшчы, служэнне ў Пскове і Санкт-Пецярбургу. А цяпер амаль праз 20 год Божая воля праз Маці Генеральную скіравала манахіню на сваю радзіму, дзе яна працягвае служыць Богу і людзям у закрыстыі і на занятках катэхезы.

Вялікай Божай ласкай і падарункам для с. Людмілы стала тое, што за юбіляра малілася не толькі родная парафія, але і ўся Беларусь, дзякуючы трансляцыі святой Імшы на Радыё Марыя, каманда якой завітала ў Глыбокае.

Літургія распачалася працэсіяй, якая прывяла законніцу ў прыгожым вяночку і з запаленым светачам у руках да алтара. Урачыстую Эўхарыстыю цэлебраваў пробашч кс. Мікалай Ціхановіч. “Сёння с. Людміла дзякуе Пану Богу за ласку срэбнага юбілею манаскага жыцця. Просім для яе аб ласцы вытрымкі Богу і Святому Касцёлу да канца свайго жыцця і каб была святлом для свету і вялікай Божай любоўю праз сваё манаскае служэнне”, — заклікаў святар маліцца прысутных вернікаў і радыёслухачоў у гэтай інтэнцыі.

На заканчэнне словы віншаванняў скіравалі дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіі. “Старэйшыя памятаюць мяне яшчэ маленькай. У тыя часы, калі нельга было хадзіць адкрыта, вы былі тут. Я, малая дзяўчынка, гэта бачыла. Гэта было прыгожае сведчанне. І сёння я дзякую за вашу веру, вашу малітву. Плёнамі гэтай малітвы з’яўляемся мы – сёстры, якія тут жывем і працуем”, — падзякавала сястра Людміла сваім парафіянам – старэйшым і малодшым, бо менавіта цяпер яны яе сям’я.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі