Падзея адбылася ў суботу, 17 лістапада, у парафіяльным доме імя кс. Юзафа Францкевіча пры касцёле Святой Тройцы.
На сустрэчы прысутнічаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч, святары, сёстры законныя, свецкія катэхеты.
Пасля прывітальнага слова першым выступіў з дакладам на тэму “Інтэрнэт для катэхезы: шанец ці пагроза?” выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко. Інтэрнэт святар назваў вялікім дарам, з дапамогай якога таксама можна і трэба абвяшчаць Божае слова. Святар адзначыў, што калі б Езус прыйшоў у гэты свет у наш час, то Евангелле б было тым самым, а вось сродкі яго распаўсюду хіба былі б іншыя.
Выступоўца прывёў словы Папаў пра Інтэрнэт і сучасныя сродкі камунікацыі. Першым на гэты конт выказаўся Папа Павел VI: “Касцёл будзе адчуваць пачуццё віны перад Госпадам, калі ён не выкарыстае гэтыя магутныя сродкі, якія чалавечы розум усё больш і больш удасканальвае”. Святар прывёў таксама выказванні пра Інтэрнэт св. Яна Паўла ІІ, Бэнэдыкта XVI і сучаснага Папы Францішка. Усе яны падкрэслівалі яго важнасць у справе катэхетызацыі і евангелізацыі.
Асабліва гэта сродак важны для людзей маладых, якія значную частку вольнага часу праводзяць у віртуальнай прасторы. І на жаль, шмат хто з іх не ведае, што ў сеціве існуюць каталіцкія старонкі.
Вядома, што ў Інтэрнэце ёсць і шмат негатыўнай інфармацыі, — адзначыў кс. Андрэй, — але гэта не з’яўляецца падставай лічыць негатыўнай усю віртуальную прастору:
— Сам Інтэрнэт не з’яўляецца чымсьці дрэнным. Залежыць толькі ад таго, як мы яго выкарыстоўваем і што хочам там знайсці.
Касцёл у Беларусі актыўна выкарыстоўвае новыя магчымасці, які дае тэхнічны прагрэс. У кожнай дыяцэзіі ёсць свае сайты, маюць іх і шмат якія парафіі. Многія святары выкарыстоўваюць яго ў камунікацыі паміж сабой і вернікамі. Ён скарачае адлегласці і дазваляе збіраць вялікія супольнасці аднадумцаў.
Але, — падкрэсліў прамоўца, звяртаючыся да катэхетаў, — Інтэрнэт не зможа замяніць цалкам вашай працы. Таму трэба разумна спалучаць і працу ў віртуальнай прасторы, і жывую працу з людзьмі.
Пасля кава-паўзы адбылося абмеркаванне дыяцэзіяльнага конкурсу па катэхезе сярод дзяцей, які мае адбыцца вясной наступнага года. Якраз у 2019 годзе Віцебская дыяцэзія адзначыць свой дваццацігадовы юбілей, і вельмі добра, што гэта пачынанне адбудзецца ў юбілейны год.
Ініцыятыву правядзення такога конкурса агучыла сястра Дар’я Галубкова OV. Яна выказала сваё бачанне гэтай дыяцэзіяльнай падзеі, пасля яе выступу ўмовы яго правядзення актыўна абмяркоўваліся прысутнымі святарамі і катэхетамі. Канчатковае рашэнне пра дату і ўмовы яго правядзення будзе прынятае цягам наступных месяцаў. Хутчэй за ўсё, конкурс-тэст адбудзецца ў канцы красавіка, прысвечаны ён будзе веданню дзецьмі Святога Пісання.
Пасля гэтага ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў касцёл, дзе адбылася святая Імша для катэхетаў, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. У сваім слове ён падкрэсліў важнасць уласнага прыкладу, які павінны паказваць тыя, хто навучае дзяцей Божай праўдзе. І гэта не толькі важна ў адносінах да дзяцей, але і для дарослых вернікаў таксама. Сёння вельмі хутка прыходзяць новыя выклікі, якія пасылае сучасны свет. Таму толькі вера ў Бога, прабыванне з Ім у малітве, дапаможа усім нам несці Божае слова ў сучасным свеце.
— Няхай плён вашай працы будзе багатым, хай плён вашага навучання, вашай малітвы за тых, каго навучаем, прыносіць вам радасць у вашым жыцці, — пажадаў напрыканцы іерарх.
Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота
