У Глыбокім маліліся за выпускнікоў і іх бацькоў

30 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім падчас святой Імшы маліліся за выпускнікоў. Адзінаццацікласнікі сабраліся ў святыні перад алтаром Пана, каб прасіць бласлаўлення на новы этап у сваім жыцці.

Сёння Касцёл перажывае ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана. Мы ўспамінаем і перажываем той момант, калі Хрыстос пасля Свайго ўваскрасення, пасля таго, як 40 дзён Ён аб’яўляўся вучням, апосталам і іншым любячым Яго людзям, уваходзіць у нябёсы, каб там няспынна заступацца за нас і разам з намі ў Святым Духу будаваць цывілізацыю Божага Валадарства тут на зямлі. Сёння просім Бога, каб не загубіцца ў матэрыяльным свеце, які нас вабіць, які адхіляе наша сэрца ад духоўных каштоўнасцей.

Урачыстую Імшу ў інтэнцыі выпускнікоў узначаліў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч і прасіў Божай мудрасці для іх, каб карысталі не толькі з інтэлектуальных здольнасцей, але і з Божай мудрасці, якая даецца чалавеку праз Слова Божае і праз ласку Святога Духа.

У гаміліі святар заахвоціў моладзь, каб сцерагліся ідалаў, якімі ў сучасным свеце з’яўляюцца мабільныя тэлефоны, інтэрнэт, грошы, у кагосьці кнігі. “Мы можам гадзінамі сядзець і перапісвацца ў вайберы ці кантакце, але не ведаць сэрца і не бачыць вачэй.” Каб гэтага не здарылася, трэба памятаць, хто павінен быць на першым месцы – Езус. “Як пойдзеце вучыцца ў іншыя гарады, сустрэнецеся з многімі “ідаламі”. Калі Езус не будзе ў цэнтры вашага сэрца, то не зможаце па-сапраўднаму любіць і быць любімымі. Толькі Бог можа даць любоў у тваё сэрца”, — падкрэсліў святар. На заканчэнне прамовы кс. Мікалай пажадаў, каб вучыліся глядзець вочы ў вочы, размаўляць з Богам тварам у твар, а не праз прызму тэлефона, сацыяльных сетак і грошай.

Шчырыя словы ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне дзяцей на працягу многіх гадоў бацькі скіравалі да святароў і сясцёр законных, а таксама словы на будучыню прагучалі ў адрас дзяцей і вучняў.

На заканчэнне Эўхарыстыі святары ўдзялілі адмысловае бласлаўленне выпускнікам.

Марына Сінкевіч

для друку для друку