У Глыбокім дзейнічае фотавыстава “Хайсы – Віцебскія Курапаты”

Яе адкрыццё адбылося ў нядзелю 15 снежня ў касцёле Святой Тройцы.

На адкрыцці выставы выступілі яе арганізатар Ян Дзяржаўцаў, кс. Вячаслаў Барок, які адмыслова прыехаў на гэту падзею з Расонаў, грамадскі дырэктар народнага мемарыялу “Курапаты” Алесь Чахольскі, а таксама пробашч парафіі ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч.

– Пазнанне праўды ўключае ў сябе і пазнанне мінулага. Праўда – гэта мінулае, цяперашняе і будучае. Гэта і ёсць праўда, – адзначыў ксёндз Мікалай.

У ХХ стагоддзі шмат людзей пацярпела ад таталітарных рэжымаў: як нацысцкага, так і камуністычнага. І калі першы асудзілі на міжнародным трыбунале ў Нюрнбергу, то камуністычны рэжым усеагульнага асуджэння не атрымаў. Таму беларусам гэта яшчэ патрэбна зрабіць.

– Усюды ўжо асуджаныя камуністычныя рэжымы. Гісторыя паказвае, што ўсё не было так гладка і прыгожа, як мы сёння думаем. І мы гэта павінны даследаваць, – падкрэсліў кс. Мікалай Ціхановіч. – Таму выстава “Хайсы” нам пакажа, на жаль, гэту балючую частку камуністычнага рэжыму. А людзі павінны абсалютна гэта ведаць.

Гэту думку выказаў у сваім выступе і кс. Вячаслаў Барок. Ён адзначыў, што яшчэ дагэтуль закрытыя архівы, а мы павінны ведаць імёны як ахвяраў, так і катаў. Ведаць не для таго, каб помсціць, а для таго, каб мы маглі папрасіць адзін у аднаго прабачэння і нарэшце дасягнуць нацыянальнага прымірэння.

– Вельмі важна пазнаць інфармацыю, пазнаць звесткі, дзеля таго, каб пасля іх успрыняць, каб зразумець, – падкрэсліў святар і звярнуў увагу на тое, што ў Хайсах ляжаць косці і шматлікіх каталіцкіх святароў.

Пра адзінства нацыі гаварыў і Алесь Чахольскі, які адмыслова прыехаў на гэту падзею з Мінска.

Ён коратка распавёў гісторыю сталінскага генацыду супраць беларусаў, перасцярог ад далейшых саюзаў з усходнім суседам, а таксама падкрэсліў той факт, што на пахаванні Кастуся Каліноўскага ў Вільні, якое адбылося 22 лістапада гэтага года, ён адчуў адзінства беларускай нацыі:

– Тады зразумеў, што жывая Беларусь і будзе жыць.

Ян Дзяржаўцаў у сваім выступе распавёў гісторыю адкрыцця месца сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам. Хайсы атрымалі шырокую вядомасць пяць гадоў таму, і ў гэтым вялікая заслуга спадара Яна.

Глыбокае стала трэцім месцам, дзе дэманструецца гэта выстава. Да гэтага яна праходзіла ў Віцебску і Полацку. На Глыбоччыну савецкая ўлада прыйшла на два дзесяцігоддзі пазней, чым на ўсходзе Беларусі. На думку спадара Яна, гэта адчуваецца яшчэ і зараз:

– Там, наадварот, у гэтыя часы людзей знішчалі, забівалі. А тут людзі жылі, і адчувалі сябе людзьмі. І вось гэта, яшчэ і зараз бачна, працягваецца…

Падчас нядзельных богаслужэнняў у глыбоцкім касцёле бывае каля тысячы вернікаў, таму шмат людзей даведаліся пра гэту фотавыставу.

– Шмат моладзі. Гэта вельмі цешыць. Тое, што працягваецца пераемнасць пакаленняў, – падкрэсліў Ян Дзяржаўцаў.

Фотавыстава прабудзе ў Глыбокім да канца года, а потым працягне сваё падарожжа па Беларусі.

Зміцер Лупач

для друку для друку