У Глыбокім адбылося свята “Сям’я – калыска жыцця”

glybokae_kaliadny_kancert18Яго зладзіла ў нядзелю 28 снежня парафія Святой Тройцы.

Святочная праграма прайшла ў Глыбоцкім гарадскім Доме культуры. Перад гэтым у касцёле былі адпраўленыя набажэнствы, на якіх адбылося аднаўленне сакраманту сужэнства.

Менавіта ў гэты дзень Касцёл адзначае свята Святой Сям’і. Сям’я – гэта калыска жыцця, таму па Божай задуме Езус Хрыстус павінен быў нарадзіцца ў сям’і. Таму менавіта сям’я стаіць у цэнтры ўвагі пад час святкавання Божага Нараджэння.

Галоўным арганізатарам мерапрыемства быў ксёндз Вячаслаў Пялінак. Па яго словах, хрысціянства – гэта не занудства, гэта проста радасць. Таму самадзейныя артысты і імкнуліся перадаць гэту радасць гледачам.

glybokae_kaliadny_kancert62

У канцэрце прынялі ўдзел парафіяне, як дзеці, так і дарослыя. Ксёндз Славамір Самковіч удзельнічаў нават у інсцэніраванай казцы пра Калабка, якая была выкананая ў сучасным варыянце. Прычым роль Дзеда ў яго атрымалася вельмі добра, не ўсе прысутныя адразу змаглі яго пазнаць.

glybokae_kaliadny_kancert37

Акрамя гэтай казкі, на сцэне гучалі песні ў выкананні дзяцей, моладзь зладзіла сцэнку, якая падкрэсліла значэнне сям’і ў жыцці чалавека.

Усе нумары былі арганічна звязаныя праз вядучых, якія разыгралі сваю сустрэчу са Святой Сям’ёй. На працягу канцэрта яны знаёмяць святога Юзафа, а таксама Марыю з Дзіцяткам Езусам з жыццём у ХХІ стагоддзі, прычым канкрэтна ў Глыбокім.

Выступіў на сцэне і глыбоцкі касцельны хор “Ave Maria”, якім кіруе Ніна Казлоўская. Падчас канцэрта гледачоў павіншавалі са святам пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мечыслаў Янчышын, кс. Вячаслаў Пялінак, супрацоўніца райвыканкама Людміла Карніловіч, ну, і вядома ж, усе ўдзельнікі святочнай праграмы.

glybokae_kaliadny_kancert58

Прысутнічалі на канцэрце і Святы Мікалай, і Дзед Мароз, праўда, без традыцыйнай Снягуркі. У часы ваяўнічага атэізму савецкая прапаганда рабіла ўсё, каб сцерці памяць пра Святога Мікалая. Таму зараз Касцёл стараецца аднавіць вобраз гэтага Святога ў дзіцячай свядомасці. І падобна, удзельнікам канцэрта гэта ўдалося. Святы Мікалай, які ў адрозненне ад Дзеда Мароза быў апрануты па сучаснаму, атрымаў ад дзяцей больш апладысментаў. І не дзіва! У яго ж быў цэлы куфар салодкіх падарункаў для дзяцей.

Гэтыя падарункі напрыканцы святочнай праграмы і атрымалі дзеці  ад Святога Мікалая. Дарослых таксама пачаставалі цукеркамі. Гледзячы на рэакцыю гледачоў, свята ў Глыбокім атрымалася.

Зміцер Лупач, тэкст
Уладзіслаў Барыла, фота

для друку для друку