У гэтым годзе калядны канцэрт у Ватыкане пройдзе на карысць Амазоніі

Ілюстрацыйнае фота

27-ы “Калядны канцэрт у Ватыкане” пройдзе 14 снежня 2019 г., як заўсёды, у Зале Паўла VI. Яго правядзе Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі сумесна з “Місіяй Дон Боска” і Папскім фондам “Scholas Occurrentes”.

Культурнае мерапрыемства сёлета пройдзе з увагай да Амазоніі і карэнных народаў, якія там пражываюць. Сабраныя сродкі будуць накіраваны на два праекты. Першы рэалізуюць на базе адукацыйных устаноў сеткі “Scholas Occurrentes” – ён будзе накіраваны на аднаўленне гарманічных адносін з прыродай і паміж людзьмі; а другі – дапаможа карэннаму насельніцтву акругі Лаарэтэ, на паўночны захад ад бразільскай Амазонкі, захаваць сваю прысутнасць, традыцыі і культуру.

Аб удзеле ў канцэрце ўжо заявілі сусветна вядомыя зоркі: Ліянэль Рычы са Злучаных Штатаў, Боні Тайлер з Уэльса, Сьюзен Бойл з Шатландыі. Яны выступяць пад акампанемент Аркестра Італьянскага Кіно пад кіраўніцтвам Рэната Сэрыё і Адрыяна Пэніна. На сцэне з’явіцца таксама госпел-хор з ЗША і ансамбль Ватыканскай жандармерыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку