У Гервяцкім касцёле з’явіліся скульптуры разбойнікаў, распятых з Хрыстом

94Для Гервяцкага касцёла Святой Тройцы, што на Гродзеншчыне, існуе шмат прыдуманых журналістамі і турыстамі і цалкам аб’ектыўных азначэнняў з прыстаўкай “самы”, “адзіны”, “адзін з нямногіх”…

Нядаўна да яго дадалося яшчэ адно: Гервяцкі касцёл – адзіны ў нашай краіне і адзін з нямногіх у свеце, дзе ўстаноўлены скульптуры разбойнікаў, якія былі распяты разам з Езусам Хрыстом на Галгофе. Іх драўляныя фігуры выразаў вядомы ў Беларусі і ў свеце гродзенскі рэзчык па дрэве Валянцін Багдзевіч.

Валянцін Багдзевіч – адзін з найбольш вядомых у Беларусі рэзчыкаў па дрэве, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута, удзельнік шматлікіх міжнародных пленэраў у Польшчы, Літве, Беларусі, сусветных выставак у Турцыі і Кітаі. – Гэтая работа – справа ўсяго майго жыцця, – гаворыць Валянцін Багдзевіч.

– Амаль год назад, 24 лістапада, ксёндз-пробашч Леанід Несцюк расказаў мне, як аднойчы падчас малітвы ўбачыў, нібы наяве, у сваім касцёле фігуры двух разбойнікаў, паміж якімі быў распяты Езус. Святар цікавіўся, ці змагу я выразаць скульптуры гэтых разбойнікаў? І я зразумеў, што гэта шанс, які выпадае мастаку раз у жыцці. Я памаліўся, як умеў, перад алтаром у касцёле Святой Тройцы, папрасіў, каб Бог даў мне сіл, розуму і майстэрства справіцца з гэтай работай…

скульптуры-в-Гервятах2

скульптуры-в-Гервятах1

– Увогуле для майстра выразаць фігуры двух чалавек – па сутнасці, менавіта гэта трэба было зрабіць – справа нескладаная, – працягвае Валянцін. – Калі б гэта была звычайная работа, яна не заняла б больш двух тыдняў. Але гэты заказ быў асаблівы… Я “пералапаціў” увесь інтэрнэт, усю магчымую літаратуру аб распяцці і смерці Хрыста. На жаль, пра разбойнікаў, якія былі распяты разам з Езусам, вядома мала. І амаль немагчыма знайсці іх скульптуры: у Беларусі нічога падобнага няма, ва ўсім свеце – дзве-тры работы. А мне хацелася, каб не толькі анатамічна фігура адпавядала сапраўднасці, каб гэта была скульптура чалавека, які жыў два тысячагоддзі назад у Іарданіі. Галоўным я лічыў перадаць твары разбойнікаў – іх думкі, пачуцці, пакуты, страхі, надзеі… Я думаў пра гэта няспынна. Мне хацелася, каб у гэтых скульптурах былі бачны жывыя людзі. Прычым яны вельмі розныя. Дзісмас, як вядома, у апошнія хвіліны свайго жыцця паверыў Хрысту і быў уратаваны: па паданню, гэта першы чалавек, які пасля смерці патрапіў у рай. Зараз ён успамінаецца як святы 25 сакавіка і лічыцца апекуном зняволеных – у гонар яго нават названы горад Сан-Дзімас у Амерыцы, штат Каліфорнія. А Гестас пры жыцці так і не раскаяўся, не паверыў – але ў яго, як і ў кожнага чалавека, была магчымасць раскаяцца і паверыць пасля смерці…

скульптуры-в-Гервятах3

Драўляныя скульптуры Дзісмаса і Гестаса ўстаноўлены ў бакавых нефах Гервяцкага касцёла. Пазней для іх будуць зроблены спецыяльныя дубовыя крыжы – і яны зоймуць свае месцы ў праёмах паміж вітражамі з выявамі святых.

ostrovets.by

для друку для друку