У Гданьску існуе самы вялікі ў свеце бурштынавы алтар

Ён мае 12 метраў у вышыню, 10 метраў у шырыню, а агульная плошча складае каля 120 квадратных метраў, паведамляе gosc.pl.

— Наш алтар уяўляе сабой выраз падзякі Богу за клопат пра польскі народ, – падкрэслівае ксёндз Людвік Кавальскі, пробашч базылікі св. Брыгіты ў Гданьску. Верагодна, у канцы бягучага года жыхары горада, а таксама турысты з усяго свету змогуць назіраць першыя вынікі.

Усё пачалося ў 2000 годзе. Ідэя стварэння бурштынавага алтара ў касцёле св. Біргіты, узнікла ў тагачаснага пробашча, а таксама капелана «Салідарнасці» ксёндза Генрыха Янкоўскага і гданьскіх майстроў па бурштыну – як выраз падзякі за той дар свабоды і пантыфікату Яна Паўла II.

Цэнтральным элементам алтара, які ўзнік у пачатку стагоддзя, стаў абраз Божай Маці – заступніцы Свету. Марыя з дзіцяткам атрымалі з благаслаўлення Яна Паўла II бурштынавыя кароны 6 ліпеня 2001 г., і выдатную сукенку з белага бурштыну ўнікальнага гатунку.

Па баках алтара сядзяць велічныя фігуры з бронзы св. Яна Паўла II і кардынала Стэфана Вышынскага.

У 2000 годзе была створана таксама манстранцыя з бурштыну вышынёй 1,73 м., якая выкарыстоўваецца падчас працэсіі Божага Цела па вуліцах Гданьска.

У алтары размешчаны рэлікварыі метровай вышыні, якія змяшчаюць кроў святога Яна Паўла II і благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі.

Каманда пад кіраўніцтвам арцыбіскупа адважылася на далейшую рэалізацыю бурштынавага алтара, якія ўжо ў бліжэйшы час будзе ўзбагачаны мноствам новых элементаў.

Першы з іх гэта гіганцкіх памераў, вінаградная лаза, якая сімвалізуе Хрыста. Наступным элементам будуць залатыя палі збожжавых з бурштынавым калоссем, якія сімвалізуюць Эўхарыстыю. Да гэтага дададуцца яшчэ, умацаваныя на верхняй частцы алтара, польскія крыжы.

— Праз патрыятычную і хрысціянскую сімволіку хочам падкрэсліць непарыўную сувязь Езуса з нашым народам, – адзначае ксёндз Людвік.

Хуткае будаўніцтва алтара не было б магчымым без дапамогі вернікаў, а таксама людзей з усёй Польшчы і нават з-за мяжы. Шматлікія людзі ўвесь час прыносяць буйныя і дробныя самародкі бурштыну, якія потым спецыяльна апрацоўваюцца. У мяне склалася ўражанне, што людзі самі адчуваюць неабходнасць такога ўнікальнага ў сусветным маштабе алтара ў нашай дыяцэзіі і горадзе, — адзначае пробашч парафіі.

пераклад Catholicnews.by

для друку для друку