Падзея адбылася ва ўспамін гэтага святога, які адзначаецца 13 чэрвеня, асвячэнне здзейсніў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель. Таксама ён удзяліў сакрамант канфірмацыі 21 верніку.
Напачатку вернікі сустрэлі святароў перад капліцай, уваход у якую быў прыгожа аздоблены пялёсткамі кветак. На ўрачыстасць прыбылі кс. Францішак Кісель у якасці прадстаўніка біскупа Віцебскага, кс. Алег Півавар, пробашч парафіі ў Ваўкалаце, да якой належыць Гарадзішча, а таксама кс. Павел Самсонаў, пробашч з Дунілавіч, які паходзіць з Ваўкалацкай парафіі.
На самым пачатку святой Імшы ксёндз прэлат Францішак Кісель пасля малітвы асвяціў будынак капліцы. Ён жа і цэлебраваў святую Імшу. Трэба адзначыць, што будынак храма быў цалкам запоўнены вернікамі. Шмат людзей жадала прысутнічаць на гэтай урачыстасці, нягледзячы на спякотнае надвор’е, якое стаяла ў гэты дзень.
Слова да вернікаў прамовіў кс. Павел Самсонаў. Напачатку ён адзначыў, што яму прыемна прамаўляць у сваёй роднай парафіі на гэтай двайной урачыстасці: асвячэнні капліцы і ўдзяленню сакраманту канфірмацыі. Паколькі капліца асвечаная ў гонар святога Антонія Падуанскага, успамін якога адзначаўся ў гэты дзень, святар коратка распавёў пра гэтага святога.
Далей кс. Павел заклікаў вернікаў несці Евангелле іншым людзям. І гэта не значыць літаральна хадзіць са Святым Пісаннем па хатах, гэта можна рабіць прыкладам свайго хрысціянскага жыцця, сваімі добрымі ўчынкамі, як гэта рабіў святы Антоній:
– Ён сваім жыццём нёс Евангелле, ён дапамагаў бедным, ён не адкідаў чалавека ў патрэбе, ён заўсёды ішоў з дапамогай кожнаму. …Мы таксама ў сваім жыцці павінны быць больш адкрытымі.
Святар звярнуў увагу, што ў нашым жыцці мы часта можам гадамі не размаўляць з суседзямі, пасварыўшыся з-за нейкай дробязі. І пры гэтым мы ходзім у храм і лічым сябе вернікамі, а прабачыць іншаму чалавеку не можам. Кс. Павел нагадаў вернікам словы малітвы “Ойча наш”, дзе гаворыцца: “Прабач нам правіны нашы, як і мы прабачаем вінаватым нашым”. Ён заклікаў памятаць пра гэтыя словы, задумвацца над іх сэнсам, а не проста прамаўляць іх на аўтамаце.
– Мы просім Бога прабач нам, як і я прабачаю. Калі я прабачаю крыўду, нейкае непаразуменне, то і Бог мне прабачыць. А калі я затрымоўваю, то і мне будзе затрымана, – падкрэсліў святар.
Ён заклікаў вернікаў працаваць над сваёй верай, параўнаўшы гэта з агародам: калі яго не даглядаць, то і ўраджаю не атрымаеш. А таму, каб нам атрымаць духоўны ўраджай, трэба даглядаць і сваю веру: “Трэба рабіць праполкі свайго жыцця, а гэтай праполкай з’яўляецца сакрамант споведзі”.
Звяртаючыся да кандыдатаў да канфірмацыі, святар нагадаў ім пра дары Духа Святога, заслужыць якія можна толькі сваім добрым хрысціянскім жыццём:
– Калі мы хочам нешта атрымаць ад Бога, мы павінны даць нешта з сябе. А даць мы можам свае добрыя ўчынкі, свой добры настрой, свае добрыя адносіны адзін да аднаго. А гэта перш за ўсё прабачэнне.
Пасля гаміліі Генеральны вікарый удзяліў сакрамант канфірмацыі прыгатаваным для гэтага вернікам.
На заканчэнне Імшы Людміла Кацейка ад імя ўсіх вернікаў падзякавала пробашчу парафіі кс. Алегу Півавару за яго актыўную дапамогу ў пабудове гэтай капліцы, якая была перабудаваная з былой калгаснай канторы. Падзяку атрымаў і ксёндз прэлат Францішак Кісель за тое, што ён асвяціў гэты храм і ўдзяліў вернікам сакрамант канфірмацыі. Удзячнасць вернікаў была выказаная і ксяндзу Паўлу Самсонаву, хору з Ваўкалата, які сваім спевам упрыгожыў богаслужэнне, а таксама журналістам “Каталіцкага Весніка”.
У сваю чаргу пробашч парафіі выказаў удзячнасць святарам, што ўдзельнічалі ва ўрачыстасці, усім вернікам парафіі і яе гасцям. Таксама ён падзякаваў святарам, што дапамаглі ў абсталяванні гэтай капліцы. Так алтар храму падаравалі айцы піяры з Ліды, канфісіянал капліца атрымала з касцёла Святога Антонія Падуанскага ў Паставах, табернакулюм падаравала парафія Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы, дзе пробашчам з’яўляецца кс. Валеры Орсік. Гэта ж парафія падаравала і два кленчнікі і Крыжовую дарогу. Усе гэтыя рэчы раней знаходзіліся ў парафіяльнай капліцы.
Закончылася ўрачыстасць бласлаўленнем, якое кс. Францішак удзяліў вернікам як афіцыйны прадстаўнік біскупа Віцебскага.
Больш здымкаў можна пабачыць тут
Зміцер Лупач, тэкст, відэа
Леанід Юрык, фота