У гарадскім пасёлку Любча адбудзецца асвячэнне касцёла

Каталіцкая капліца ў Любчы. Праект

29 чэрвеня ў 14.30 адбудуцца мерапрыемствы прысвечаныя асвячэнню касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Марыі ад Езуса Укрыжаванага (малая Арабка) ў г.п. Любча.

Мерапрыемства распачнецца каля ўваходнай брамы Любчанскага замка адкрыццём памятнага знаку на месцы дзе знаходзіўся першы касцёл на тэрыторыі ВКЛ.

Затым у 15.00 распачнецца ўрачыстая св. Імша і асвячэнне капліцы біскупам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Плануецца прыезд біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца, а таксама шматлікіх святароў і гасцей з Беларусі і замежжа.

Каля 17-й гадзіны распачнецца творчая частка праграмы, якая будзе праходзіць каля касцёла. На канцэртнай пляцоўцы выступяць творчыя калектывы з Мінска, Навагрудка і Любчы, будуць таксама абвешчаны прызёры віктарыны і конкурса вершаў пра Любчу.

Паралельна адбудзецца конкурс печыва, пачастункі для ўсіх прысутных, выставы народных майстроў і шмат чаго іншага.

Запрашаем да ўдзелу ў гістарычнай падзеі.

для друку для друку