У Галандыі выстаўлена на продаж каталіцкая біскупская катэдра

У Нідэрландах у горадзе Утрэхце на продаж выстаўлены будынак Катэдры святой Кацярыны – з-за нізкай наведвальнасці і адсутнасці сродкаў на ўтрыманне святыні.

Найбольш верагодным патэнцыйным пакупніком будынка сабора з’яўляецца “Museum Catharijne Convent” – гэта былы манастыр святой Кацярыны, які стаў сёння галерэяй рэлігійнага мастацтва.

Парафіяне падрыхтавалі петыцыю, каб прыпыніць продаж храма, паведамляе sedmitza.ru са спасылкай на брытанскія выданні.

Парафіяне ўпэўненыя, што існуе верагоднасць таго, што колькасць католікаў у горадзе з часам ўзрасце. Сёння петыцыя набрала 1655 галасоў. “Закрыццё Катэдры такім чынам можа ліквідаваць бачную прысутнасць каталіцызму ў горадзе, што прывядзе да таго, што супольнасць не будзе развівацца ў будучыні”, – гаворыцца ў ёй.

Храм кармеліцкага кляштара быў пабудаваны на рубяжы XV-XVI стагоддзяў. Пасля Нідэрландскай рэвалюцыі і пратэстанцкай Рэфармацыі храм быў перададзены кальвіністам. Храм вярнулі Каталіцкаму Касцёлу ў XIX стагоддзі, а катэдрай ён стаў ў 1853 годзе пасля аднаўлення каталіцкай архідыяцэзіі Утрэхта.

Калі храм прададуць, то біскупскую катэдру перанясуць у парафію святога Аўгустына ў Утрэхце альбо ў каталіцкі храм у Апельдорне, які размешчаны ў 60 кіламетрах ад Утрэхта. Гэта будзе першы выпадак у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Галандыі, калі біскупскую катэдру перанясуць з-за недахопу сродкаў і нізкай наведвальнасці.

Колькасць католікаў у Утрэхце ў 1980 годзе складала 942 тысячы чалавек, да 2014 года яна зменшылася да 750 тысяч, да 2017 года колькасць католікаў горадзе трохі вырасла і складае 754 тысячы чалавек.

Krynica.info

для друку для друку