У гадзіну Міласэрнасці ў Парыжы можна ўбачыць цярнёвы вянец Хрыста, які захоўваўся ў Нотр-Даме

Амаль праз год пасля пажару ў парыжскім Нотр-Даме адна з найкаштоўнейшых хрысціянскіх рэліквій — цярнёвы вянец Хрыста, які захоўваўся ў святыні і быў уратаваны французскімі пажарнымі, — зноў будзе выстаўлены для агляду і ўшанавання.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, цярнёвы вянец, які пасля пажару захоўваецца ў Луўры, будзе выстаўляцца ў касцёле Сэн-Жэрмэн, што знаходзіцца непадалёк ад славутага музея, у кожную пятніцу Вялікага посту з 15-й да 17-й гадзіны. Да пажару ў катэдры Нотр-Дам існавала традыцыя выстаўленняў цярнёвага вянца ў першыя пятніцы месяца і ва ўсе пятніцы Вялікага посту.

«Я веру, што гэтая рэліквія дапаможа нам лепш перажыць час навяртання і глыбей увайсці ў муку Хрыста»,— падкрэсліў рэктар Нотр-Дама кс. Патрык Шавэ.

Святар прызнаўся, што яго заўсёды глыбока кранала тое, як горача вернікі маліліся перад цярнёвым вянцом Збаўцы.

«Зазвычай прыходзілі старэйшыя і хворыя людзі, але нямала было і моладзі; многія прыносілі з сабою здымкі сваіх блізкіх», — адзначыў рэктар парыжскай катэдры. Ён дадаў, што ў цяперашніх абставінах штомесячнае выстаўленне рэліквіі немагчымае.

Цярнёвы вянец Збаўцы захоўваўся ў Нотр-Даме з 1806 года. Рэліквія змешчана ў абручы, які зберагае каштоўную святыню ад пашкоджанняў.

Лічыцца, што цярнёвы вянец Хрыста разам са шматлікімі іншымі рэліквіямі адшукала ў Ерузалеме маці святога Канстанціна Вялікага святая Алена.

У V ст. вянец знаходзіўся ў Ерузалеме, а ў 1063 годзе быў перавезены ў Візантыю, і ўжо адтуль у 1237 годзе трапіў у Францыю. На працягу стагоддзяў шмат церняў з вянца было адламана, і цяпер яны захоўваюцца ў розных касцёлах ва ўсім свеце.

Мікола Гракаў, Catholic.by

для друку для друку