У Ерузалеме рэлігійныя лідары ўпершыню сустрэліся разам, каб маліцца аб спыненні пандэміі каранавірусу

22 красавіка ў Ізраілі прадстаўнікі розных рэлігій разам маліліся аб спыненні пандэміі каранавірусу.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у 16.00 па мінскім часе ў гатэлі «Кінг Дэвід» у Ерузалеме сустрэліся прадстаўнікі хрысціянства, юдаізму, ісламу і друзаў.

«Некалькі соцень тысяч людзей памерлі, мільёны заразіліся. Ратуй нас, Божа, молім Цябе!»
— разам прасілі яны ў спецыяльна падрыхтаванай з гэтай нагоды малітве. З-за строгіх каранцінных прадпісанняў трансляцыя малітвы вялася ў інтэрнэце.

«Няхай Бог дасць здароўе хворым і выбавіць свет ад гэтай пошасці», — разам усклікалі прадстаўнікі розных рэлігій. На заканчэнне яны разам прачыталі псальм 121 (120), словамі якога пілігрымы ў Святым Горадзе даручалі сябе Божай апецы і прасілі ў Бога благаслаўлення. У Ізраілі гэты псальм чытаецца ў дзень памяці загінулых жаўнераў і ахвяраў тэрору, які адзначаецца 28 красавіка.

«Каранавірус не ведае межаў паміж рэлігіямі, народамі і палітычнымі партыямі», — паведаміў нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA адзін з удзельнікаў супольнай малітвы Апостальскі адміністратар Лацінскага Патрыярхату Ерузалема арцыбіскуп П’ербытыста Піццабала.

«Мы роўныя перад абліччам хваробы, і гэта разбурыла шматлікія межы і прадузятасці паміж намі»,— дадаў каталіцкі іерарх, выказаўшы пры гэтым надзею на тое, што гэтае адзінства будзе працягвацца і пасля заканчэння эпідэміі.

Брытанскі рабін Дэвід Роўзэн, які ўжо даўно займаецца развіццём міжрэлігійнага дыялогу і з’яўляецца ініцыятарам супольнай малітвы, назваў яе гістарычнай падзеяй. «Рэлігійныя лідары гэтай краіны сустрэліся наогул упершыню, каб разам прачытаць малітву аб Божай ласцы і спачуванні ў хвіліну, калі мы апынуліся перад выклікам пандэміі каранавірусу», — зазначыў рабін. На яго думку, гэта цудоўная і разам з тым сумная сустрэча. Ён звярнуў увагу на тое, што на супольную малітву прыйшлі нават тыя, хто зазвычай не вельмі адкрыты для міжрэлігійнага дыялогу.

Як паведамляюць арганізатары, супольная малітва была сумеснай ініцыятывай Галоўнага рабінату Ізраіля, ізраільскіх міністэрстваў унутраных і замежных спраў, Сусветнай рады рэлігійных лідараў і іншых арганізацый.

У ёй узялі ўдзел ужо згаданы арцыбіскуп Піццабала, Праваслаўны Патрыярх Ерузалема Тэафіл ІІІ, два галоўныя рабіны Ізраіля Іцхак Ёсэф і Давід Лаў, імам для Ерузалема і пустыні Нэгеб шэйх Джамаль Аль-Убра, імам і шэйх бедуінаў Акіл Аль-Атраш, а таксама духоўны лідар друзаў шэйх Мувафак Тарыф.

Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў, Catholic.by

для друку для друку