У Дзятлаве прайшло свята благаслаўлёнай Александрыны Марыі да Коста

dscf555215 кастрычніка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлава адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Асацыяцыі салезіянаў-супрацоўнікаў. 

Нябесным заступнікам урачыстасці стала благаслаўлёная Александрына Марыя да Коста, якая пачас зямнога жыцця таксама прыналежала да Аб’яднання салезіянаў супрацоўнікаў.

Адметнасцю стала тое, што ў гэты дзень у святыні прысутнічалі рэліквіі благаслаўлёнай Александрыны Марыі да Коста, якія кожны вернік меў магчымасць ушанаваць.

На свята прыехалі святары салезіяне і сёстры салезіянкі, а таксама салезіянскія супрацоўнікі, аніматары і вернікі з Мінску, Смаргоні, Бараўлян.

Салезіяне супрацоўнікі – гэта свецкія людзі, якія клапоцяцца пра моладзь, паказваючы ёй сапраўдныя каштоўнасці, яны стараюцца здабыць давер моладзі, шукаюць да яе новых шляхоў падыходу і дапамагаюць ёй рабіць мудры выбар у жыцці, а таксама нясуць вялікую адказнасць за збаўленне маладых людзей.

На ўрачыстасці прысутнічаў рэгіянальны настаяцель рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар прывітаў усіх гасцей, што прыбылі на гэтую агульнабеларускую ўрачыстаць.

dscf5423

Кс. Віктар, гаворачы пра асобу Александрыны Марыі да Коста адзначыў, што благаслаўлёная вельмі моцна любіла салезіянскую супольнасць, а затым працытаваў яе наступныя словы: “Я адчуваю яднанне з салезіянамі і салезіянамі-супрацоўнікамі па ўсім свеце. Часта, гледзячы на маё пасведчанне аб уступленні ў Асацыяцыю салезіянаў-супрацоўнікаў, я адчуваю зносіны з салезіянамі і ахвярую свае пакуты дзеля збаўлення моладзі! Я люблю Салезіянскую Кангрэгацыю. Я яе вельмі люблю і ніколі не забудуся ні на зямлі, ні ў небе”.

dscf5457

Ганаровым госцем свята стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу, якая была ахвяравана за ўсю салезіянскую сям’ю, а асабліва за Асацыяцыю салезіян-супрацоўнікаў на Беларусі.

Біскуп, звяртаючыся да вернікаў, адзначыў: “Прыклад самаахвярнага жыцця благаслаўлёнай Александрыны прызывае ўсіх нас стаць сапраўднымі сведкамі Бога ў нашым сучасным свеце. Сёння неабходна біскупам, святарам, сёстрам законным, свецкім вернікам, дзецям і моладзі даць свету святасць, паказваць яе сваім жыццём. Бо ўсё астатняе можа даць нам свет. Святасці і духоўнасці свет сёння нам не можа даць”.

“Нам нельга толькі прызнавацца, што мы духоўныя асобы, вернікі Каталіцкага Касцёла. Нам сёння неабходна сваёй знешняй і ўнутранай паставай сведчыць, што мы належым да Касцёла”, – дадаў іерарх.

dscf5494

Таксама у часе гэтай святой Імшы салезіане-супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні: быць верным вучнем Хрыста ў Каталіцкім Касцёле; працаваць, асабліва клапоцячыся пра развіццё і збаўленне моладзі; узрастаць у салезіянскім духу і сведчыць аб ім; у адзінстве Салезіянскай Сям’і супрацоўнічаць з апостальскай дзейнасцю мясцовага Касцёла.

dscf5538Пасля Святой Імшы людзі мелі магчымасць асабіста ўшанаваць рэліквіі благагаслаўлёнай Александрыны Марыі да Коста.

Затым усе госці, што прыбылі на ўрачыстаць, накіраваліся на супольны абед і святочны канцэрт, які падрыхтавалі салезіяне-супрацоўнікі.

Даведка:

Александрына Марыя да Коста нарадзілася 30 сакавіка 1904 года ў Балазары (Партугалія) у хрысціянскай сям’і. Калі ёй было 14 гадоў яе спрабавалі згвалтаваць. Абараняючыся ад гэтага, яна выскачыла ў сад з акна свайго дома. Праз 5 год пасля траўмы ад гэтага падзення Александыну цалкам спаралізавала. Усё астатняе жыццё, а гэта больш 30 гадоў, яна правяла лежачы ў ложку.

На працягу 4 гадоў, нягледзячы на параліч, яна кожную пятніцу падымалася з ложка і перажывала Мукі Хрыстовыя. У агульнай складанасці гэта паўтаралася 182 разы. Пакуты доўжыліся па тры гадзіны.

З 27 сакавіка 1942 года і да самай смерці – на працягу 13 год і 7 месяцаў – Александрына не спажывала ніякай ежы і напояў, акрамя Святой Эўхарыстыі.

Александрына была вялікім містыкам. У пастаяннай еднасці з Езусам, прысутным у табернакулюмах па ўсім свеце яна рэгулярна адчувала экстаз і атрымлівала візіі ад Бога.

Тысячы людзей прыходзілі да яе, каб слухаць яе словы. Яна памерла 13 кастрычніка 1955 года ў Балазаре, дзе яна і пахаваная. Мноства пілігрымаў рэгулярна прыязджае ў гэтае месца.

Ірына Радзевіч, тэкст і фота

для друку для друку