У дзятлаўскім араторыі адбылося другое пасяджэнне “Жывой бібліятэкі”

19 сакавіка ў араторыі імя бласлаўлёных мучанікаў з Познані пры парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве адбылося другое пасяджэнне “Жывой бібліятэкі”.

“Жывая бібліятэка” – гэта сацыяльная гульня. Яе мэта заключаецца ў тым, каб навучыць размаўляць і разумець адзін аднаго. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што кнігі ў “Жывой бібліятэцы” – гэта жывыя людзі, а чытанне – гэта размова. “Жывыя кнігі” – гэта людзі, якія гатовыя падзяліцца са сваімі “чытачамі” сваёй асабістай гісторыяй, вопытам і ведамі, а таксама шчыра адказаць на пытанні чытачоў.

Першая сустрэча ў “Жывой бібліятэцы” адбылася падчас Адвэнту, а першая кніга, прапанаваная для чытання – “Сям’я – крыніца веры і любові”. У ролі “жывых кніг” выступілі матулі, якія распавядалі пра выхаванне веры і любові ў сваіх сем’ях.

“Папы очень важные, все многоэтажные” – назва другой кнігі, у ролі якой выступіў тата як актыўны ўдзельнік у выхаванні дзяцей. Ва ўступе, перад чытаннем “Жывой кнігі”, дзеці разважалі і адказвалі на пытанні: “Чым для Вас з’яўляецца дом? Якая роля таты ў сям’і? Ці можна назваць тату “шматпавярховым домам” і чаму?”. У час размовы “чытачы” даведаліся пра цікавае захапленне “Жывой кнігі” – рыбалку і пра яе асаблівасці. Кожны прысутны мог задаць пытанні, якія цікавілі, а таксама атрымаць пэўныя веды пра рыбалоўства і не толькі…

У гэты дзень у “Жывой Бібліятэцы” гучала размова таты і дзіцяці, панавала ўзаемная павага старэйшых і малодшых, бо кожная старонка кнігі была змястоўнай і цікавай.

sdb.by

для друку для друку