- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Друю на Вялікдзень завіталі зайцы

dr [1]Як завабіць дзяцей у храм, што зрабіць дзеля таго, каб чаканне Вялікага посту і велікодная радасць сталіся для дзяцей і падлеткаў не дзяжурным сямейным рытуалам, галоўную ролю ў якім адыгрываюць бацькі?

Адмысловыя тэматычныя святы з удзелам дзяцей ладзяцца ў шматлікіх парафіях. Настаяцель каталіцкай парафіі Святой Тройцы ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч абраў у якасці тэмы для дзіцячых святкаванняў старое нямецкае паданне пра Велікоднага зайца, які на свята пакідае добрым дзеткам хованку каляровых яек.

Карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO [2] атрымаў магчымасць падгледзець за друйскімі зайцамі, якія вырашылі выбачыцца за тое, што цягам зімы абгрызалі кару на дрэвах, і ў якасці выбачальнага пачастунку пакінулі юным друйскім парафіянам … не яйкі, а цукеркі і шакаладкі. Прынамсі, так патлумачыў кс. Сяргей Сурыновіч дзецям і падлеткам неабходнасць застацца 6 красавіка пасля вячэрняй Імшы і выправіцца ў вялікія пошукі цукерак, развешаных зайцамі на тэрыторыі Друйскага кляштара.

Дарэчы, пераказ падання можа быць цалкам адвольным – нават самі немцы распавядаюць яго па-рознаму: першапачаткова заяц пакідаў прыбраныя яйкі ў гняздзе, якое дзеці напярэдадні ладзілі са сваіх капелюшоў, а ўжо пазней з’явіўся сімвалічны кошык.

Немцы з Гесэна запэўніваюць, што яйкі прыносіць не заяц, а ліса, жыхары Саксоніі кажуць, што гэта певень, эльзасцы мяркуюць, што бусел, а баварцы ўпэўненыя, што яйкі прыносіць зязюля. Аднак менавіта ў зайца атрымалася адсунуць сваіх канкурэнтаў і замацавацца ў якасці легендарнага нямецкага сімвала дзіцячай Велікоднай радасці.

…Цукеркі, развешаныя на хмызах і дрэвах, дзеці шукалі сапраўды са шчырай радасцю і захапленнем. Далучыўся да пошукаў і святар, і нават некаторыя дарослыя.

drrr [3] drrrr [4]