У Друі стартаваў міжнародны мастацкі пленэр

6 жніўня ў Друі (Віцебская дыяцэзія, Мёрскі дэканат) адкрыўся чацвёрты міжнародны мастацкі пленэр, у якім бяруць удзел прафесійныя мастакі з Беларусі, Расіі і Кітая.

Творчы форум распачаўся ў дзень, калі ў Друйскай парафіі адзначалі традыцыйную ўрачыстасць Маці Божай Анёльскай. Святую Імшу з гэтай нагоды тут цэлебраваў Мёрскі дэкан кс. Кшыштаф Мянкіна.

Удзельнікі пленэру на працягу дзевяці дзён будуць жыць у келлях кляштара XVII ст. Гэты час яны прысвецяць таму, каб у жывапісе перадаць прыгажосць краявідаў паўночнай Беларусі.

Асноўная мэта пленэру — дыялог паміж рэлігіяй і мастацтвам.

У Друі мастакі будуць не толькі маляваць. Жывучы ў кляштары, яны маюць магчымасць паглыбіць сваю асабістую духоўнасць дзякуючы арганізаваным для іх канферэнцыям і набажэнствам.

Міжнародны мастацкі пленэр завершыцца 12 жніўня ўрачыстай святой Імшой, цэлебрацыю якой а 10-й гадзіне ўзначаліць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У гэты дзень парафіяне і госці будуць мець унікальную магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сучасным мастацтвам і наведаць вернісаж, які размесціцца ў памяшканнях кляштара.

Воля Куваева, catholic.by

для друку для друку