У Друі прайшлі рэкалекцыі для міністрантаў з начлегам у старадаўнім кляштары

dr1У Друі 10-11 верасня на базе парафіі Найсвяцейшай Тройцы па ініцыятыве пробашча парафіі кс. Сяргея Сурыновіча прайшлі рэкалекцыі для мясцовых міністрантаў, паведамляе krynica.info.

На двухдзённае навучанне «міністрацкай этыцы» сабраліся 18 хлопчыкаў і падлеткаў з Друі і наваколля, дзе таксама маюцца капліцы, у якіх служацца Імшы з удзелам міністрантаў. Планаваўся ўдзел 24-х хлопцаў, але не ўсіх адпусцілі бацькі — у вёсцы сезон працаў у гародзе, у некаторых сем’ях важная праца кожнага яе чальца. Тыя ж бацькі, што развіталіся са сваімі дзецьмі на двое сутак, засталіся вельмі задаволеныя і прапанавалі святару праводзіць такія заняткі і ў будучыні.

Асноўнай тэмай заняткаў стала Літургія. Акрамя самога святара, з хлопцамі займаўся сапраўдны аніматар, — студэнт з Барысава Аляксей Уразметаў.

Таксама на працягу двух дзён праходзілі спартыўныя турніры і спаборніцтвы ў камандных гульнях, інтэлектуальныя гутаркі, — на думку бацькоў, агульная праграма не толькі разнастаіла штодзённасць дзяцей з вёскі, але і мела адукацыйны характар.

druja1

Атмасфера заняткаў была не толькі «мужчынскай» — «дзявочую» нотку ўнеслі манахіні-эўхарысткі сёстры Наталля Арлянковіч і Лілія Дарожка, якія праводзілі гульні і конкурсы. “Поле Цудаў” зладзіла для падлеткаў сястра Маргарыта Ларына. Прыгатаваннем ежы заняўся парафіяльны камітэт.

Асаблівае захапленне ў дзяцей выклікала магчымасць пераначаваць у старадаўнім кляштары, які раней яны наведвалі толькі днём і па справах. Не меншае ўражанне на дзяцей зрабіла і вячэрняе вогнішча.

Фота з архіву кс. Сяргея Сурыновіча

для друку для друку