У Друі на заканчэнне пленэра біскуп Алег Буткевіч і Піт Паўлаў праспявалі «Тры чарапахі»

druja_plenerУ Друі 24 ліпеня Святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, завяршыўся пленэр “Пачаткі-II”, – праект пробашча Троіцкай парафіі кс. Сяргея Сурыновіча, па запрашэнні якога гэтым разам у мурах кляштара на тыдзень пасяліліся 30 мастакаў – мэтраў і пачаткоўцаў, паведамляе krynica.info

Апошні дзень пленэра адначасова стаўся вернісажам – мастакі прадставілі як скончаныя працы, так і мноства эскізаў, якія з часам ператворацца ў паўнавартасныя палотны. Частка працаў засталася ў галерэі кляштара.

Нягледзячы на ўмову – пакінуць у кляштары адну карціну, – шмат хто з мастакоў пакідаў дзве ці тры працы ў якасці падзякі за гасціннасць гаспадара і створаную ім атмасферу натхнення.

Моцныя працы пакінулі ў кляштары Кацярына Говен, Уладзіслаў Пятручык, Павел Чарняўскі, Анастасія Міронцава, Вольга Сазыкіна, Дзмітрый Сурыновіч. Сярод здабыткаў кс. Сурыновіча – два ягоныя партрэты. Пісаць партрэты пробашча пачалі многія мастакі, – частка з іх будзе дапрацаваная ў мінскіх майстэрнях.

Марта Шматава пабачыла Друю ў выглядзе дзяўчыны з сінімі косамі і чырвонымі каралямі, Алесь Пушкін намаляваў маштабную “Краіну Друю”: жывапісную мапу жывога паселішча, цэнтральныя персанажы якой – святар і мастак.

druja_plener_4. jpg

Напярэдадні вернісажа кс. Сурыновіч з шурупавёртам дапамагаў мастакам развешваць палотны, шукаючы для іх найлепшыя ракурсы. Увогуле, стварэнне значнай часткі эцюдаў не абыйшлося без парадаў пробашча, мэта якога – папулярызацыя Друі, яе духоўнага патэнцыялу і слаўнай мінуўшчыны.

За гадзіну да Імшы мастакі пераўвасобіліся – зніклі працоўныя камбінезоны, частка з творцаў засяродзілася на малітве. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч прысвяціў сваю гамілію сэнсу малітвы “Ойча Наш”, кожнае слова якой набывае, калі гаворка ідзе пра творчасць, асаблівы сэнс, а таксама засцярог ад празмернага захаплення плёнамі сваёй творчасці, нагадаўшы, што талент мастака – усяго толькі прылада Боскай рукі.

druja_plener_2

Таксама біскуп Віцебскі падкрэсліў, што засяроджанасць на творах мастацтва, ператварэнне іх у самамэту, – набліжае да паганства, калі не натхняецца прагай праслаўляць Божую волю і Божую ласку.

Адразу пасля Імшы перад мастакамі і мясцовымі вернікамі выступілі майстры слова і музыкі – мінскі фолкавы калектыў “Рутвіца”, рок-музыка Піт Паўлаў і паэт Уладзімір Някляеў. У прыватнасці, біскуп Алег Буткевіч і музыка Паўлаў разам выканалі пад гітару знакамітую песню «Тры чарапахі».

Парафіяне вельмі эмацыйна прынялі выступ гасцей, але асаблівы ажыятаж выклікалі карціны: маладыя і сталыя вернікі захоплена аглядалі знаёмыя пабудовы і краявіды, дзівячыся гульні фарбаў і мастацкага ўяўлення творцаў.

druja_plener_5. jpg

Друйская калекцыя працаў будзе вандраваць па беларускіх залах. Летам жа наведвальнікі Друі, якіх у гэты час звычайна шмат, змогуць наведваць сапраўдную галерэю, моцны і разнастайны змест якой ужо сёння можна параўноўваць з пляцоўкамі сучаснага мастацтва буйных гарадоў.

для друку для друку