У Друі адроджаны старажытны абраз

СурыновічУ Друі адроджаны абраз Маці Божай «Спагадлівай», лёс арыгінала якога невядомы.

Цудадзейны абраз Маці Божай «Спагадлівай» з Друі, які вядомы ў мястэчку з XVIII стагоддзя, узгадваецца ў спісе 1911 года Благавешчанскай царквы і з’яўляецца спісам з абраза Багародзіцы “Елеўса” – “Спагадлівай” (Кікскай), які з ХІІ стагоддзя захоўваецца на Кіпры, у заснаваным у гонар яго імператарам Аляксеем Комнэнам манастыры на гары Кікас. Гэта адзін з трох абразоў, аўтарства якіх прыпісваецца евангелісту Луку.

Ініцыятыва адраджэння абраза належыць а. Сяргею Стасевічу, які апякуецца вернікамі беларускай дыяспары ў Лондане. Адтварыў абраз віцебскі мастак Міхась Кускоў. Асвячэнне абраза адбудзецца ўвосень ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.

На думку пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча, вяртанне абраза Маці Божай «Спагадлівай» у Друю, адноўленага па эскізе са спісу Благавешчанскай царквы, змешчаным у альбоме малюнкаў Дзмітрыя Струкава, паспрыяе яднанню хрысціянаў і пашырэнню культа Багародзіцы.

Копіі гэтага абраза вядомыя і пашыраныя на Афоне, але на ўсходніх землях дастаткова рэдкія. Вядомая копія абраза на Фларышчанскай пустыні, таксама абраз Сімана Ушакова, які знаходзіцца ў Трацякоўскай галерэе. Тым большую каштоўнасць уяўляе Друйскі абраз.

Сюжэтна абраз з’яўляецца правобразам крыжовай ахвяры Збавіцеля як вышэйшага выразу любові Бога да людзей. У сярэдзіне XVII стагоддзя на нашых землях ўзмацнілася цікавасць да старажытных візантыйскіх святыняў і, перш за ўсё, да цудадзейных Багародзічных абразоў. Маці Божая Елеўса Кікская, верагодна, з’яўляецца доказам такой цікавасці да старажытных абразоў візантыйскага свету, адной з галоўных прычынаў якой сталася імкненне аднавіць у першапачатковай чысціні старажытныя іканапісныя традыцыі.

krynica.info

для друку для друку