У Докшыцах на каталіцкіх могілках асвяцілі капліцу (+відэа)

dokszycy_kaplica_28Храм асвяціў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

На ўрачыстасць сабралася шмат святароў і вернікаў. Прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Польшчы на чале з консулам Адамам Качыньскім, прадстаўнікі мясцовай улады. Ганаровымі ўдзельнікамі ўрачыстасці былі прадстаўнікі сямей Шчэціньскіх і Абароўскіх з Польшчы, якія з’яўляліся галоўнымі фундатарамі будаўніцтва храма.

Святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, распачалася а дзясятай гадзіне. Напачатку богаслужэння іерарх асвяціў вернікаў і сцены капліцы святой вадой.

У сваім слове да вернікаў ардынарый звярнуў увагу на тое, што кожны чалавек – гэта маленькая святыня Духа Святога. “Мы становімся гэтай святыняй падчас хросту, – адзначыў біскуп, – але як людзі веруючыя мы патрабуем дому, які б нагадваў нам пра наш нябесны дом. І гэтым домам ёсць храм. Ён яднае тых, хто адышоў з гэтага свету, з намі, хто яшчэ з’яўляецца пілігрымам да Божага валадарства”.

Нягледзячы на тое, што капліца стаіць на могілках, яна патрэбна нам, жывым, – адзначыў віцебскі ардынарый.  Таму могілкі не павінны быць месцам суму, а месцам надзеі, надзеі на спатканне з Богам і жыццё вечнае.

dokszycy_kaplica_04

Падчас Імшы вернікі памаліліся літаніяй да Усіх Святых. Пасля гэтага біскуп намасціў алтар святым алеем, асвяціў табэрнакулюм і стацыі Крыжовага шляху. Потым  алтар быў засланы белым абрусам. Па заканчэнні абраду асвячэння алтара адбылася галоўная частка Імшы – Святая Эўхарыстыя, калі хлеб і віно ператвараюцца ў Цела і Кроў Езуса Хрыста.

Напрыканцы Імшы пробашч парафіі айцец Андрэй Букштан падзякаваў усім, хто меў дачыненне да будаўніцтва гэтага храма. Асаблівая падзяка была сем’ям Шчэціньскіх, Абароўскіх, іншым ахвярадаўцам, якія фундавалі будаўніцтва капліцы, а таксама айцу Марку Пасюту, які кіраваў будаўніцтвам храма, якое пачалося ў 2013 годзе.

А храм атрымаўся вельмі прыгожы, у ім адчуваецца веліч і густ. Хаця, па словах айца Марка, гэта каштавала шмат высілкаў і нерваў. Але вынік атрымаўся проста цудоўны! Кожная цаглінка тут пакладзена з любоўю, кожнае шво зроблена проста ідэальна. Спадзяёмся, што гэты храм прастаіць тут не адно стагоддзе.

Айцец Марк у сваім слове падзякаваў біскупу за асвячэнне капліцы. Да гэтага часу тут была будова, а зараз стала святыня, – адзначыў святар. -Кожны чалавек, кожны народ, кожная краіна,  павінны шанаваць сваю гісторыю. Бо без ведання гісторыі няма будучыні. Гэта падобна да дрэва – чым вышэй уздымаецца дрэва да неба, тым мацнейшыя павінны быць у яго карані.

Гэты храм з’яўляецца сэрцам могілак, і сёння яно стала біцца, – адзначыў айцец Марк. Далей ён звярнуў увагу на тое, што добраўпарадкаванне могілак яшчэ не закончанае, шмат што яшчэ трэба зрабіць, але з Божай дапамогай гэта будзе зроблена. Ён заклікаў вернікаў годна паводзіць сябе на могілках, не курыць на іх і не ўжываць алкаголь, прыносіць на магілы блізкіх толькі жывыя кветкі. Бо жывыя кветкі – гэта жывая памяць. Яны не стаяць так доўга, як кветкі штучныя, таму і паказваюць нам, што магілы продкаў трэба наведваць часцей. І чым больш на магіле жывых кветак, тым больш жывая памяць аб чалавеку.

dokszycy_kaplica_35

Таксама ўсе падзякавалі Богу за цудоўнае надвор’е, якое выдалася ў гэты святочны для Докшыц дзень.

Перад заканчэннем Імшы біскуп Алег Буткевіч ад свайго імя яшчэ раз выказаў падзяку фундатарам храма, айцу Марку, будаўнікам, усім, хто спрычыніўся да будаўніцтва, а таксама тым, хто прысутнічаў на яго асвячэнні. Імша закончылася Божым блаславеннем і гімнам “Цябе, Бога, праслаўляем”. А новы храм у Докшыцах з 1 кастрычніка 2016 года пачаў адлік сваёй гісторыі.

Зміцер Лупач, тэкст і фота;
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку