У Чырвоным касцёле Мінска ўпершыню загучаць званы

Запусціць электронную сістэму дапамогуць спецыялісты з Польшчы.

У пятніцу, 8 лютага, запланаваны пробны перазвон званоў Чырвонага касцёла ў Мінску (каталіцкая парафія св. Сымона і св. Алены на пл. Незалежнасці). Запусціць электронную сістэму званоў дапамогуць спецыялісты, якія прыбылі з Польшчы, распавёў у сваім Facebook пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Завальнюк.

Гаворка ідзе пра тры званы, на якія парафіяне збіралі каля 70 тыс. еўра. Раней у храме не было званоў, падчас рэканструкцыі касцёла, якому вяртаюць гістарычны выгляд, пробашч вырашыў усталяваць у вежах званы.

Акрамя таго, яшчэ аб адной ідэі распавядаў кс. Уладзіслаў. Калі яе атрымаецца рэалізаваць, то неўзабаве ў касцёле будуць біць не толькі тры вялікія, але і шмат маленькіх званоў, якія пробашч разлічвае дадаткова замовіць у Польшчы. Па задумцы святара, апоўдні ў Чырвоным касцёле будзе гучаць прыгожы перазвон — мелодыя з дапамогай вялікіх і маленькіх званоў.

Katolik.life

для друку для друку