У чым розніца паміж бояззю Божай як дарам Духа Святога і страхам перад Богам?

Нашыя продкі заўсёды асцерагаліся людзей, якія «нават Бога не баяцца». Звычайна гаворка ідзе пра асобаў, якіх нішто не стрымлівае ў дрэнных учынках: ні маральныя прынцыпы, ні Божыя запаведзі, ні страх перад людзьмі, ні страх перад пеклам. Не мець боязі Божай у такім выпадку – гэта спальваць усе масты да дабра і навяртання, апусціцца ў граху на самае дно аж да самазнішчэння. А ў чым розніца паміж бояззю Божай як дарам Духа Святога і страхам перад Богам?

На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Боязь Божая ў Бібліі

Паводле вучэння Бібліі і Касцёла, боязь Божая — гэта адзін з сямі галоўных дароў Духа Святога, якія прыносіць нам Езус-Месія (гл. Іс 11, 2; ККК, 1831). У Святым Пісанні гэты дар найчасцей узгадваецца як аснова мудрасці (гл. Друг 1, 7; Экл 1, 11; Ёў 28, 28; Пс 111, 10; Прып 9, 10; 2 Сам 23,3; Сір 1, 11–20), а таксама як пачатак сапраўдных ведаў (гл. Прып 1, 7). Паводле Бібліі, дзякуючы гэтаму дару чалавек выбірае згодны з Божымі запаведзямі шлях і тады ён здольны жыць у свабодзе ад граху (гл. Пс 34, 12; Прып 16, 6). У старазапаветныя часы чалавека пабожнага называлі па-габрэйску не інакш як «ярат Аданай» — «той, які баіцца Бога». Чытаючы Святое Пісанне, заўважаем, што цнота пабожнасці і боязі Божай фактычна атаясамліваюцца. Быць пабожным — гэта баяцца, што азначае зважаць на Пана, уважліва і паслухмяна выконваць Яго волю, баючыся абразіць найбольш годнага хвалы і любові.

Прыклады шматлікіх біблійных постацяў дапамагаюць нам раскрываць глыбіню і важнасць дару боязі Божай. У Кнізе Быцця Пан хваліць Абрагама пасля драматычнага выпрабавання яго веры: «Цяпер Я пазнаў, што ты баішся Бога, бо не адмовіў Мне нават ва ўласным сыне» (Быц 22,12). Святое Пісанне ўсхваляе «Боязь Божую» як пачатак сапраўднай мудрасці (гл. Прып 1,7). Без яе чалавек становіцца на шлях пагібелі (Прып 9, 10). Кніга Прыпавесцяў, якая асабліва заахвочвае да боязі Божай, традыцыйна прыпісваецца цару Саламону, і менавіта яго жыццё і адносіны з Богам з’яўляюцца добрым тлумачэннем праўды пра боязь Пана. Гэтаму чалавеку было шмат дадзена ад Бога, ён меў нават выразныя аб’яўленні і перасцярогі. Бог чакаў ад Яго павагі, паслухмянасці і вернасці, а Саламон адплаціў Богу знявагай Яго слова і мудрасці, дазваляючы ідалапаклонства ў сваім доме і сваёй краіне. На пэўным этапе свайго жыцця Саламон пачуўся настолькі самадастатковым і так стараўся быць талерантным да зла, што перастаў зважаць на Бога і Яго Закон, перастаў баяцца Бога. І гэта ў выніку прывяло да драматычных наступстваў як для яго сям’і, так і для цэлай краіны.

Новы Запавет адкрывае нам веліч цноты боязі Божай перадусім на прыкладзе жыцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа. Дзякуючы гэтай цноце Марыя даверылася слову арханёла Габрыэля. Св. Юзаф неаднаразова, насуперак мужчынскай логіцы, выказаў перад Богам паслухмянасць і тым самым уратаваў Дзіцятка Езуса і дасканалым чынам выканаў Божы план адносна яго і збаўлення свету (гл. Мц 1, 18–24; 2, 13–15).

Святы апостал Павел, згодна з біблійнай традыцыяй, атаясамлівае цноту боязі Божай з дарам пабожнасці. Асабліва моцна гэта падкрэсліваецца ў пасланні да Цімафея. Паводле св. Паўла, тым, што найбольш развівае пабожнасць і боязь Божую, з’яўляецца вернасць чыстаму сумленню (гл. 1 Цім 1, 5–18; 4, 2). Таксама і клопат пра збаўленне, паводле Апостала, патрабуе руплівасці, поўнай «боязі і трымцення», дзякуючы чаму Бог станецца ў нас «здзяйсняльнікам і жадання, і дзеяння» (гл. Флп 2, 12–13).

«Любоў і боязь павінны ісці разам»

Разважаючы над мудрасцю Святога Пісання, Касцёл асабліва падкрэслівае ролю пакоры ва ўмацаванні цноты боязі Божай. Пастава пакоры — гэта перадусім трыванне ў праўдзе перад Панам. І гэта пастава не застрашанага нявольніка, але любячага і любімага сына, які добра разумее, хто ён, а хто яго Нябесны Айцец (гл. ККК, 1828). Святы айцец Піо з П’етрэльчыны казаў, што «любоў і боязь павінны ісці разам. Боязь без любові ператвараецца ў подласць. Любоў без боязі — гэта высакамернасць. Калі любоў існуе без боязі, яна становіцца неасцярожнай і не мае тормазу, не зважае, куды імкнецца…» А святы Грыгорый Вялікі навучаў: «Калі хтосьці чыніць дабро, кіруючыся страхам, то ён яшчэ не адвярнуўся поўнасцю ад зла, бо грашыць ужо толькі тым, што зграшыў бы, калі б не баяўся пакарання».

Хрысціянская пакора пачынаецца з цноты боязі Божай

Святы Бэнэдыкт навучаў, што фармаванне сапраўднай хрысціянскай пакоры пачынаецца з цноты боязі Божай. У знакамітай «Рэгуле…» святы піша: «Пра першую ступень пакоры кажам тады, калі чалавек пастаянна мае перад вачыма боязь Божую і рупліва стараецца пра яе не забываць» (гл. «Рэгула св. Бэнэдыкта», 7, 10). Св. Тамаш Аквінскі разглядаў боязь Божую як аснову цноты рэлігійнасці (virtus religionis), бо з боязі Божай паходзіць імкненне ўшанавання Пана, а вяршыня ўсхвалення Бога — гэта літургія Касцёла. Таму літургічныя дзеянні павінны поўніцца павагаю і богабаязнасцю (timor Domini) чалавека перад веліччу і міласэрнасцю Бога.

Папа Францішак у катэхезах, прысвечаных тэме дароў Духа Святога, назваў боязь Божую «дарам, які нагадвае, наколькі мы малыя перад Богам і Яго Любоўю, і што дабро для нас — пакорліва, з усёй павагай і ўдзячнасцю даверыцца Яго рукам» (гл. папа Францішак, Агульная аўдыенцыя, 11.06.2014).

«Не бойцеся!»

У сувязі з магчымай негатыўнай інтэрпрэтацыяй дару боязі Божай, асобна выдзяляем і адрозніваем адмоўную паставу, якую называем «страхам Божым». Страх — гэта перажыванне стану нежадання таго, што можа здарыцца, і ўспрымаецца як зло. У першую чаргу — гэта страх болю, пагрозы здароўю і жыццю свайму або камусьці дарагому. Сітуацыя страху ў адносінах з Богам ярка апісаная ў евангельскай сустрэчы Апосталаў з Езусам пасярод бушуючага мора (гл. Мц 14, 22–33). Вучні засталіся без Пана ў раз’юшанай марской стыхіі пад пагрозаю патануць у бездапаможным чоўне сярод начной цемры. Іх страх стаў яшчэ большы, калі яны ўбачылі дзіўную з’яву: Езуса, які спакойна ідзе ім насустрач паміж бушуючых хваляў па вадзе. Захапляльная і вельмі павучальная ў дадзеным выпадку рэакцыя апостала Пятра. Ён, які адважыўся вызнаць у Хрысце Месію і Пана (гл. Мц 16, 16) у момант найглыбейшага страху, пачуў словы Езуса: «Гэта Я (што азначае таксама: «Яхвэ» — Імя Бога), не бойцеся!» І тут Пётр паспяшаўся адказаць: «Калі „гэта ТЫ“ (Яхвэ), то дазволь мне прыйсці да Цябе па вадзе». І далей мы чытаем, што Пётр перажыў момант асабістага змагання паміж страхам перад стыхіяй і даверам да Езуса. Што мацнейшае і што пераможа: страх ці любоў, выгляд буры ці працягнутая рука Хрыста? «Пане, ратуй!» — закрычаў Пётр, бо страх пачаў перамагаць веру і тапіць яго. Але просьба (малітва) перамагла страх і дазволіла Езусу падхапіць тонучага вучня.

Слухаемся, бо давяраем мудрасці і любові

Розніца паміж бояззю Бога і страхам перад Ім — гэта як розніца паміж пазітыўным бокам паслухмянасці і яе негатыўнай пародыяй. У першым выпадку мы слухаемся, бо давяраем мудрасці і любові. Ведаем, што калі будзем слухацца, то такім чынам пацвердзім наш давер і любоў да Айца, прынясем Яму радасць, а самі будзем хутка ўзрастаць, апраўдваючы Яго спадзяванні. Ад выканання волі Любімага Айца (Бога) сэрца дзіцяці (чалавека) напаўняецца радасцю і жаданнем быць яшчэ больш паслухмяным Яго волі. Святая Тэрэза Авільская заўважала, што ў такой душы «валадарыць перадусім боязь таго, каб не абразіць Бога, свайго Пана, і палымянае жаданне здзяйсняць ва ўсім Яго святую волю».

У выпадку негатыўнай (фасаднай) паслухмянасці пераважае крывадушная знешняя імітацыя пакорлівага выканання загадаў. У сэрцы такая асоба адчувае сябе прыніжанай, зняволенай, вымушанай падпарадкоўвацца незразумелым распараджэнням, якія здаюцца бессэнсоўнымі. Душа напаўняецца пачуццём недаверу, гневу і бунту і нават жаданнем помсты. Няма жадання разумець. Ёсць толькі адно жаданне: хутчэй вырвацца з-пад улады прыгнятальніка, якога чалавек баіцца і выконвае яго волю толькі таму, каб не быць пакараным. Як бачым, на адну і тую ж асобу, на адны і тыя ж распараджэнні два розныя чалавекі могуць рэагаваць дыяметральна супрацьлегла: адзін — з любоўю і павагаю (бояззю), а другі — са страху быць пакараным і са злосцю на сваю слабасць. Першы шукае яшчэ большай любові. Другі шукае нагоды, каб уцячы ад ярма прыгнёту. Першы жадае заўсёды быць з Любімым. Другі імкнецца пазбавіцца ад Яго. Для першага Бог — гэта Любоў, для другога — Прыгнятальнік. Менавіта ад вобразу Бога ў нашай свядомасці залежаць адносіны да Яго: ці гэта будзе боязная павага ці рабскі страх.

Як развіваць у сабе дар боязі Божай?

Святое Пісанне заахвочвае перадусім маліцца аб гэтым дары. «Схілі маё сэрца да боязі Імя Твайго», — чытаем словы малітвы ў Кнізе Псальмаў (Пс 86, 11). Па-другое, неабходна адкрываць вялікі Божы план Збаўлення ва ўласным жыцці, знаёмячыся з прыкладамі жыцця святых. «Калі будзеш гэтага шукаць як срэбра і жадаць як найвялікшых скарбаў, тады зразумееш, чым з’яўляецца боязь Божая і будзе табе дадзена пазнанне Бога», — вучыць кніга Прыпавесцяў Саламона (Прып 2, 4–5). Па-трэцяе, цнота боязі Божай развіваецца праз імкненне ва ўсім верна і штодня захоўваць Божыя запаведзі. «Няхай боязь Божая, твайго Бога, пранізвае цябе самога, тваіх сыноў і ўнукаў; сцеражы на працягу ўсіх дзён свайго жыцця загады, якія Я табе абвясціў, каб былі працягнутыя дні твае» (Дрг 6, 2). І ўрэшце, па-чацвёртае, згодна з парадамі св. Бэнэдыкта і св. Тамаша, засяроджанае перажыванне літургічных чыннасцяў і поўныя павагі адносіны да ўсяго, што тычыцца веры, выхоўваюць у нас і нашым атачэнні паставу вялікай пашаны да рэлігіі і здаровай хрысціянскай богабаязнасці.

ave-maria.by

для друку для друку