У чым розніца: прасіць у малітве аб чымсьці святога ці Бога?

Калі накіроўваем малітвы да Госпада, мы звяртаемся да нашага Айца, які любіць сваё дзіця і прагне яго адорваць. Просьбы, якія кіруем да святых, гэта таксама малітвы да Бога. Да саміх святых мы не молімся, але просім іх аб заступніцтве.

Кожны кананізаваны ў сваім зямным жыцці чымсьці адрозніваўся ад іншых, меў уласную харызму. Таму Касцёл абвясціў іх заступнікамі ў тых ці іншых жыццёвых сітуацыях або апекунамі людзей пэўных прафесій. Напрыклад, св. Францішак з Асізі з’яўляецца заступнікам манахаў францішканцаў, навакольнага асяроддзя і абяздоленых. Звяртаючыся да біяграфіі гэтага святога, можна ўбачыць, што ён меў вялікую любоў да прыроды, бедных і адрынутых. У сваю чаргу св. Фаустыну Кавальскую тытулавалі “сакратаркай” Божай Міласэрнасці, як яе назваў сам Хрыстос. Таму, молячыся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, мы просім праз заступнітцва святой манахіні міласці для нас і нашых бліжніх.

Але гэтыя факты не робяць“прамую” малітву да Усявышняга менш важнай ці слабай. У канчатковым выніку ўсё залежыць ад нашай веры ў Ягоную любоў, якая не мае межаў для тых, хто ёй аддаўся. А накіроўваць свае малітвы ў неба праз святога – гэта як мець самага вернага і надзейнага сябра.

Кс. Алег Пятрашка, grodnensis.by

для друку для друку