У чым розніца паміж класічным і сучасным варыянтамі медаліка св. Бенедыкта?

Натрапіла ў інтэрнэце на апісанне медаліка св. Бенедыкта. Прачытала, што існуюць два варыянты гэтага прадмета шанавання: традыцыйны (правільны) і сучасны (як адзначае адзін з парталаў, “зменены ворагамі Касцёла”). Ці праўда гэта? Набыла ў гродзенскай краме ружанец з медалікамі, як аказалася, сучаснага варыянту. Ці сапраўды існуе розніца, і ці можна карыстацца такім ружанцам? Ірына, 26 гадоў

Традыцыйны медалік св. Бенедыкта (які называецца таксама Крыжом св. Бенедыкта) паходзіць з 1664 года. Выявы на ім былі зацверджаны Апостальскай Сталіцай ў 1857 годзе. У адпаведным дакуменце таксама было адзначана, што карыстаючыся медалікам св. Бенедыкта і молячыся праз заступніцтва святога, можна выпрасіць у Бога шматлікія ласкі, асабліва абарону ад злога духа.

Класічная версія мае шэраг характэрных рысаў.


На аверсе размяшчаецца выява св. Бенедыкта, які ў правай руцэ трымае крыж, а ў левай – манастырскі статут. Злева ад святога ляжыць інфула – знак улады ордэна бенедыктынаў, а справа сядзіць крумкач. Таксама віднеецца надпіс “Crux Sancti Patris Benedicti” (“Крыж святога айца Бенедыкта”).

На рэверсе – вялікі крыж, а на ім адпаведным чынам размешчаны першыя літары лацінскіх слоў, якія раскрываюць значэнне самога медаліка.

Такім чынам, у чатырох палях, падзеленых знакам крыжа, знаходзяцца наступныя знакі:

C S P B (Crux Sancti Patris Benedicti – Крыж святога айца Бенедыкта).

На вертыкальнай бэльцы Крыжа, зверху ўніз:

C S S M L (Crux Sancta Sit Mihi Lux – Няхай мне свеціць Крыж Святы).

На перпендыкулярнай бэльцы:

N D S M D (Non Draco Sit Mixi Dux – Няхай згіне старажытны змей злы).

Вакол крыжа:

V R S N S M V (Vade Retro Satana, Non Suade Mihi Vana – Сатана няхай сыдзе, мітусня ў мяне не ўвойдзе).

S M Q L I V B (Sunt Mala Quae Libas Ipse Venena Bibas – Злом мяне не спакусіць, кубак атруты сам асушыць).

Калі медалік кардынальна адрозніваеццца ад вышэйзгаданага апісання, лепш ім не карыстацца. На гэта ёсць свае прычыны. Па-першае, ён можа не мець пацверджання Апостальскай Сталіцы. Па-другое, можа змяшчаць акультныя і масонскія выявы, што нясе небяспеку для хрысціяніна.

Кс. Максім Бачарнікаў, grodnensis.by

для друку для друку