У Чылі з элементаў папскага алтара пабудуюць дамы для бедных

Элементы канструкцыі вялікага палявога алтара, на якім Папа Францішак 16 студзеня 2018 г. цэлебраваў св. Імшу ў Парку О’Хігінса ў Сант’яга-дэ-Чылі, пойдуць на будаўніцтва дамоў для бедных. Ён будзе разабраны ў бліжэйшыя дні.

Як паведамляюць арганізатары папскага візіту ў сталіцу Чылі, для гэтай мэты будзе прызначана 1300 драўляных пліт.

Эўхарыстыя стала першым важным пунктам папскай пілігрымкі ў Чылі. У ёй узялі ўдзел больш за 400 тыс. чалавек.

Чылійскія СМІ чакаюць яшчэ аднаго адчувальнага выніку пілігрымкі Францішка: высокай эфектыўнасці пажарнай службы, якая праз шматлікія прафілактычныя дзеянні ў дні папскага падарожжа прадухіліла тры пажары на тэрыторыі Сант’яга. Эксперты мяркуюць, што ў цяперашні спякотны час гэта можна лічыць вельмі добрым вынікам.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку