У былой вясковай бібліятэцы размясцілася капліца

14 студзеня ў вёсцы Зорка прайшло ўрачыстае асвячэнне малітоўнай святыні. Капліцу асвяціў ксёндз Германавіцкага касцёла Перамяненне Пана Ян Пугачоў. Святара вернікі сустрэлі хлебам-соллю, шчыра вітаючы з прыездам.

Размясцілася яна ў былым памяшканні мясцовай бібліятэкі. Гэта асаблівая падзея ў жыцці прыхаджан адбылася дзякуючы падтрымцы сельгаспрадпрыемства ААТ “Ельня-Агра”, у рэканструкцыі паловы дома ў культавы будынак істотную дапамогу аказалі мясцовыя жыхары.

Пабудова разлічана прыблізна на 40 месцаў, што дастаткова для ўсіх мясцовых вернікаў. Набажэнствы па нядзелях і святочных днях тут будзе праводзіць ксёндз Ян.

— Сёння нашыя сэрцы перапаўняюцца вялікай радасцю, — сказаў падчас святой Імшы, звяртаючыся да ўсіх прысутных на асвячэнні капліцы святар Ян Пугачоў. — Мы цэлебруем Найсвяцейшую Эўхарыстыю ў новай святыні. Яе абсталяванне было галоўнай справай усёй парафіяльнай супольнасці.

Падчас літургіі мы молімся, каб капліца паказвала людзям, што ў жыцці самае важнае, і вяла ўсіх да Бога, за дзяцей, якія ў гэтым годзе прыступілі да першай святой Камуніі, каб сустрэча з Панам Езусам прынесла плён. Няхай будзе трывалай сувязь людзей з Богам, за родных і блізкіх, каб Бог іх благаславіў, адорваючы патрэбнымі ласкамі, а душы памерлых прыняў у вечнае валадарства, за нас, сабраных на нядзельнай святой Імшы, каб, узмоцненыя Божым Словам і Эўхарыстыяй, кожны дзень сваімі ўчынкамі давалі сведчанне нашай веры.

На заканчэнні святой Імшы ксёндз Ян падзякаваў усім, хто далучыўся да арганізацыі і рамонту будынка пад капліцу. Цяпер малітоўная святыня з’яўляецца месцам культавых набажэнстваў для мясцовых жыхароў.

Алена Ананіч, «Кліч Радзімы»

для друку для друку