У Будславе распачаліся святочныя мерапрыемствы ў гонар Маці Божай Будслаўскай

Хаця афіцыйна сёлета будслаўскі фэст перанесены на 5 — 6 ліпеня, для часткі вернікаў, асабліва будслаўскіх, гэтым днём па ранейшаму застаецца 2 ліпеня.

Таму ў гэты дзень у Будславе былі адпраўленыя тры Імшы, на кожнай з якіх святыня была цалкам запоўненая вернікамі.

Вячэрнюю Імшу цэлебраваў айцец Віктар Бурлака, былы пробашч у Будславе, які прыехаў на сёлетнія ўрачыстасці ўжо ў якасці госця.

У сваім уступным слове айцец Віктар адзначыў, што менавіта тут, у Будславе, знаходзіцца духоўнае сэрца Беларусі.

Слова да вернікаў прамовіў ксёндз Аўгуст Калясінскі. Ён заклікаў вернікаў звярнуць увагу на жыццё Марыі:

– Яна з’яўляецца ранішняй зоркай, якая па ранейшаму нам свеціць, каб мы атрымалі надзею.

Святар адзначыў, што ў жыцці з Богам, з Марыяй выхад ёсць з любой, нават самай безнадзейнай сітуацыі.

Галоўнае, каб перамены ў нашым жыцці пачыналіся з нашага навяртання, а будслаўская святыня з’яўляецца якраз тым месцам, дзе трэба зрабіць свае першыя крокі да гэтага.

Напрыканцы богаслужэння айцец Віктар асвяціў ваду і рэлігійныя прадметы, якія вернікі набылі ў гэты дзень.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку