У Бубалях хутка з’явіцца новая капліца (+відэа)

Бубалі адносяцца да Мікалаеўскай парафіі, што ў Шумілінскім раёне.

Капліца знаходзіцца на вясковых могілках. З другога боку гэтых могілак стаіць старая капліца, якая ўжо стала гніць. У ёй маленькія вокны, яна цесная, і, па словах ксяндза Аляксандра Півавара, у ёй вельмі цёмна.

Таму нядаўна каталіцкая супольнасць вырашыла пабудаваць тут новую капліцу. Сцены і дах у ёй парафіяне ўжо зрабілі. За нейкі месяц плануецца скончыць усе працы. Пробашчу актыўна дапамагае жыхарка вёскі Мікалаева Фаіна Бізунова. Яна не толькі дапамагае на будоўлі, але і актыўна збірала грашовыя ахвяраванні на гэту капліцу на фэсце ў Мікалаеве, які прайшоў на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 20 мая.

Вёска Бубалі вымірае, зараз тут засталася толькі жменька жыхароў. Але, як кажа ксёндз Аляксандр, на ўрачыстасць Усіх Святых тут збіраецца шмат вернікаў, таму новая капліца будзе служыць людзям.

Ад імя парафіян пробашч выказаў падзяку мясцовым уладам, які далі дазвол на яе ўзвядзенне. Таму сёлетняя Імша на Усе Святыя ў Бубалях пройдзе ўжо ў новай капліцы.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку