У Брэсце вядуцца падрыхтоўчыя работы да ўсталявання помніка Бібліі

У Брэсце на перакрыжаванні вуліц Кірава і Пушкінскай вядуцца падрыхтоўчыя работы да ўсталявання помніка Бібліі.

Узвядзенне помніка прымеркаванае да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання і выдання Бібліі Францішкам Скарынам, паведамляе krynica.info са спасылкай на virtualbrest.by.

У план работ уваходзіць добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, насціл ходнікаў. На сцяне бібліятэкі, ля якой будзе ўсталяваны помнік, плануецца графіці на тэму кнігадрукавання.

Работы плануецца завяршыць да канца лістапада.

Эскізны праект помніка Брэсцкай Бібліі абраў абласны мастацка-экспертны савет па манументальным i манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Ад аўтараў паступіла 10 эскізных варыянтаў, розных па форме і змесце. Большасцю галасоў чальцоў экспертнага савета выбраны праект мінчаніна Антона Нічыпарука. Ён прапанаваў усталяваць помнік у выглядзе стылізаванай раскрытай кнігі з адбіткам ілюстрацый і датай выдання Брэсцкай Бібліі.

для друку для друку