У Браславе прайшлі рэкалекцыі цвярозасці

З 19 па 22 ліпеня ў браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў прайшлі XIV рэкалекцыі цвярозасці. Арганізатарам выступіла душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі ў супрацоўніцтве з кс. Анджэем Бочарам MS. Рэкалекцыі прызначаны для ўсіх жадаючых з усёй Беларусі, а нават і для замежжа.

Рэкалекцыі ў Браславе — адна са штогадовых ініцыятыў. “14 гадоў таму кс. Анджэй запрасіў нас у Відзы, дзе ён тады працаваў, — апавядае Юрый Гапонік, адказны за душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі, — і так з жонкай мы прыехалі і давалі сведчанні. Потым мы прыехалі у Паставы, а потым і ў Браслаў”.

Заўсёды рэкалекцыі праходзяць вельмі цікава. Прыязджаюць розныя святары, два гады таму сюды прыязджаў біскуп Алег Буткевіч. Неабыякавы да праблемы алкагалізму кс. Анджэй Бочар MS распавёў пра сутнасць гэтых рэкалекцый: “Рэкалекцыі патрэбны і залежным і сузалежным для таго, каб жыць у цвярозасці. Алкаголікі дзякуючы рэкалекцыям трымаюцца, каб не ўзяць першай чаркі. Бо калі алкаголік, пасля года, а нават пяці год, узяў чарку зноў, ідзе ў запой і працягвае піць. Дзякуючы рэкалекцыям чалавек узмацняецца духоўна, ўзмацняе волю, каб не ўзяць гэтай першай чаркі. А для сузалежных, для жонак, дзяцей рэкалекцыі дапамагаюць разумець праблему алкаголю і ведаць, як дапамагчы алкаголіку, ці малітвай ці, як яны называюць, “жосткай любоўю” (часам кагосьці трэба на лячэнне выслаць, нельга маўчаць, калі на працу не пайшоў, не плаціць за яго штрафы і г.д.)”.

У гэтым годзе ў рэкалекцыях прымала ўдзел 25 чалавек. Кс Анджэй Бочар пракаментаваў гэта так: “Калісьці бывала сто і больш чалавек, нават 160. Толькі многія прыязджалі для адпачынку больш, а цяпер засталіся такія, хто шукае духоўнага росту. І таму іх менш.

Акрамя таго, есць душпастырствы і тэрапіі залежнасцяў ў многіх іншых гарадах Беларусі: у Гродне, Баранавічах, Віцебску, Бягомлі…Браслаўчанаў не шмат удзельнічае ў рэкалекцыях. Але яны ўдзельнічаюць яшчэ праз тое, што прымаюць ў сваіх дамах удзельнікаў з іншых гарадоў. Ёсць госці з Літвы”.

“Збіраемся ў Браславе, у санктуарыі Маці Божай, бо тут асаблівае месца, тут асабліва дзейнічае Бог”, — дадаў Анджэй Бочар. “Мне ўжо 53 гады, і я сам усё жыццё не п’ю алкаголю — тата мой піў — і таму я вырашыў увогуле не піць і наколькі магу, так як разумею, дапамагаю тым людзям, у каго з гэтым праблемы. Дапамагаю і сваёй абстынэнцыяй (адмова ад спажывання алкаголю) і сваёй малітвай і працай ў группе – рознымі метадамі захавання ў цвярозасці. Як магу так дапамагаю” — прызнаўся святар.

“Я займаюся тэрапіяй для людзей церпячых залежнасць, праз мяне прайшло каля 2000 чалавек — казаў Юры Гапонік. Нам падабаецца ў Браславе, прызнаўся ён,- тут такая атмасфера, як кажуць, для душы. Не сакрэт, што алкагалізм і наркаманія гэта хвароба цела, розуму і душы, і менавіта Валадарка Азёраў — для душы. Яна ахінае покрывам і тут людзі адчуваюць сябе спакойна. Я кожны год прыязджаю сюды і кожны год дзякую за пражыты год і прашу аб сілы на будучы”.

Людміла Бурлевіч, тэкст і фота

waladarka.by

для друку для друку