У Браславе прайшлі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў

Кульмінацыяй урачыстасці 17 жніўня стала галоўная Імша, якая прайшла на палявым алтары перад касцёлам.

Гэта алтар быў пабудаваны дзесяць гадоў таму, калі адбылася каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі азёраў. Таму сёлета ў Віцебскай дыяцэзіі адзначаецца двайны юбілей: дваццацігоддзе ўтварэння дыяцэзіі і дзесяцігоддзе каранацыі абраза  Маці Божай.

Галоўная Імша распачалася аб адзінаццатай гадзіне ўрачыстай працэсіяй з касцёла да палявога алтара. У галаве працэсіі знаходзілася копія абраза Маці Божай Валадаркі азёраў.

Напачатку ўсіх вернікаў і ганаровых гасцей прывітаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Ён зачытаў прывітальнае слова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра, які не змог асабіста ўдзельнічаць ва ўрачыстасці. Потым іерарх павіншаваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з трыццацігоддзем біскупскай сакры. Віцебскі ардынарый папрасіў яго ўзначаліць гэту святую Імшу.

“У чарговы раз сталіца азёрнага краю — старажытны Браслаў — напаўняецца вернікамі, сярод якіх шмат пілігрымаў”, – адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падкрэсліў, што Віцебская дыяцэзія самая маладая ў Беларусі, але і самая дынамічная.

Напачатку гаміліі іерарх адзначыў поспехі Віцебскага Касцёла. Сярод іх два выбітных прадстаўнікі дыяцэзіі: кс. Аляксандр Амяльчэня, які з’яўляецца дырэктарам беларускай секцыі Ватыканскага радыё, і кс. Аляксандр Рагіня, які зараз працуе ў дыпламатычнай місіі Святога Пасаду.

Далей іерарх засяродзіўся на тэме сям’і і тых пагрозах, якія нясе ёй сучасны свет, бо менавіта яна з’яўляецца падмуркам грамадства і Касцёла.  А ў гэтым годзе і ўвесь Касцёл адзначае Год сям’і. Не абмінуў гэты крызіс і нашу краіну, якая займае зараз пятае месца ў свеце і трэцяе ў Еўропе па самагубствах. За год насельніцтва Беларусі скарацілася на 19 тысяч чалавек , а гэта амаль два такія гарады як Браслаў. І дапамагчы пераадолець гэты крызіс нам можа дапамагчы толькі Марыя, якая сама давала добры прыклад сямейнага жыцця.

“Падчас нябачанага раней крызісу беларускай сям’і Марыя заклікае нас да будавання сямейнага жыцця на духоўных каштоўнасцях, на даверу Богу кожнай сям’і з яе радасцямі і смуткамі. Яна як найлепшая Маці зможа выпрасіць у Бога цуд аздараўлення сям’і, калі мы толькі даверымся Яе апецы”, — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Рака застаецца ракой пакуль цячэ, — сказаў іерарх, — птушка птушкай, пакуль ляціць, кветка кветкай, пакуль цвіце, а чалавек застаецца чалавекам, пакуль любіць бліжняга. А любоў найлепш праяўляецца якраз у сям’і, якая з’яўляецца падмуркам грамадства, дзяржавы і ў першую чаргу Касцёла.

Потым адбылася працэсія з дарамі. Іерарху паднеслі лілію як сімвал чысціні, герб біскупа Віцебскага, заплечнік і ружанец як сімвал пілігрымавання, віно, ваду і гостыю.

Напрыканцы Імшы ўсе вернікі разам з хорам праспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”, пасля чаго біскуп Алег Буткевіч зачытаў Акт прысвячэння ўсёй дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы азёраў.

На заканчэнне да прысутных звярнуліся генерал ордэна сальватарыянаў кс. Мільтон Зонта SDS з Бразіліі, прадстаўнікі абласной і раённай улады, а таксама амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Потым біскуп Алег Буткевіч папрасіў Мітрапаліта ўручыць памятныя дыпломы вернікам, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё мясцовага Касцёла, і святарам, якія адзначаюць ў гэтым годзе юбілеі святарскага пасвячэння.

Перад бласлаўленнем арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч яшчэ раз пажадаў поспехаў Віцебскаму Касцёлу, заклікаў вернікаў і святароў не губляць той нябесны плашч, якім ахінае нас Марыя, а біскуп Алег Буткевіч запрасіў усіх на святкаванне ў наступным годзе, якое адбудзецца ў Браславе 21-22 жніўня 2020 года.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець па спасылцы>>

для друку для друку