У Браславе прайшла сустрэча сем’яў Віцебскай дыяцэзіі

З 21 па 22 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў прайшла сустрэча сем’яў Віцебскай дыяцэзіі. Яе арганізатарам выступіла душпастырства сем’яў дыяцэзіі, а таксама фонд абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».

Сустрэча прайшла на тэму малітвы ў сям’і, таму ёй была адведзена не толькі канферэнцыя, але і палова часу была прысвечана непасрэдна малітве. Праўда, скарыстацца магчымасцю пажадалі толькі некалькі сем’яў з Паставаў, Глыбокага, Браслава, Полацка і Мінска.

Падчас канферэнцыі на тэму малітвы ў сям’і а. Міхал Ермашкевіч ОР адзначыў, што, канечне, самай важнай з’яўляецца літургія і ўдзел у ёй усіх членаў сям’і. Але святар прывёў таксама словы кардынала Ёзафа Ратцынгера (будучага Папы Бэнэдыкта XVI) пра тое, што святая Імша без дадатковых набажэнстваў – нібы незавершаная малітва. Варта вучыцца заўсёды, кожную хвіліну, быць пры Богу, «хадзіць у Божай прысутнасці». Гэта значыць усе справы даручаць Богу, увесь час памятаць пра Яго.

Святар таксама заахвоціў сем’і часцей звяртацца да ружанца і старацца больш маліцца ўсёй сям’ёй.

У першы дзень сустрэчы сужонкам распавялі таксама пра небяспечнасць гендэрнага выхавання. Намеснік фонду «Адкрытыя сэрцы» Іван Пузанаў заахвоціў бацькоў цікавіцца матэрыяламі, якія даносіцца да дзяцей у школах і распавёў пра сутнасць гендэрнага выхавання па фінскай і шведскай сістэмах, якое адмаўляе паняцце мужчынскага і жаночага полу і прапануе 54 варынты гендэру.

Суботні вечар завяршыўся балем з навучаннем класічных танцаў і экскурсам у гісторыю баляў.

У нядзелю час быў прысвечаны хвалюючым пытанням сужонкаў, сямейным праблемам. Прысутныя маглі падзяліцца вопытам з іншымі сужонкамі ці пашукаць адказу ў духоўных асоб.

Гэтыя дні для сямейных пар сталі часам духоўнага аднаўлення, паказалі магчымасці знаходзіць час на Бога і сваіх родных.

waladarka.by

для друку для друку