У Браславе моладзь славіла Бога танцамі (+відэа)

braslau_dance_party33У суботу, 7 мая, у Браславе прайшоў конкурс танца сярод моладзі Віцебскай дыяцэзіі.

Арганізавана мерапрыемства было па ініцыятыве саміх маладых людзей. Як адзначыла арганізатар конкурса сястра Таццяна Гмыза SJE: «Моладзь вельмі прасіла правесці такі конкурс. Калі быў конкурс песні ў Мёрах, яны вельмі хацелі, каб прадставіць сябе і танцам».

Сярод вернікаў існуе думка, што касцёл і танцы рэчы несумяшчальныя. Але і духоўныя асобы, што былі на мерапрыемстве, і сама моладзь даказвалі, што гэта не так. У танцы раскрываюцца пачуцці чалавека, яго ўнутраны свет. І гэтыя рэчы цяжэй падрабіць, бо яны выходзяць з сэрца чалавека, з глыбіні яго душы. Таму славіць Бога танцам не толькі можна, але і патрэбна.

У конкурсе прынялі ўдзел пяць камандаў: з Глыбокага, Мёраў, Варапаева і Браслава. Браслаў як гаспадар мерапрыемства выставіў дзве каманды — малодшага і старэйшага ўзросту.

Распачалося мерапрыемства ў 18 гадзін з малітвы ў касцёле. Моладзь прыгожым спевам і малітвай праслаўляла Пана Бога. Прыемна было бачыць у касцёле столькі моладзі. З гэтага было відаць, што будучыня ў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ёсць.

Пасля малітвы ўдзельнікі перайшлі ў парафіяльны дом, дзе і распачаўся сам конкурс. Настрой усім падняла ўдзельніца конкурсу Яна, якая выканала прыгожую песню, у якой праславіла Бога. Вядучая мерапрыемства Анжэла Пілат аб’явіла склад журы, куды ўвайшлі Ганна Базарэвіч, Ірына Гайдамовіч і ксёндз Андрэй Бочар.

braslau_dance_party16

Пасля гэтага адбылося лёсаванне — прадстаўнікі ад кожнай каманды выцягнулі нумар, згодна з якім яны павінны былі выступаць. Першымі выступала каманда з Мёраў, потым малодшая група з Браслава. Пасля іх выступалі танцоры з Варапаева, потым старэйшая група з Браслава. Апошняй, пятай, выступіла каманда з Глыбокага.

Конкурс складаўся з трох намінацый. Спачатку каманды прывіталі гледачаў сваім танцам на вольную тэму, у другой частцы каманды паказалі парны танец, а ў апошняй намінацыі ўдзельнікі прадставілі танец-флэшмоб.

Выступленні кожнай каманды былі прыгожымі і непаўторнымі, нягледзячы на тое, што маладыя людзі не былі прафесійнымі танцорамі. Арыгінальным быў выступ прадстаўнікоў з Глыбокага, Мёры здзівілі гледачоў сваім флэшмобам пра перамогу дабра над злом, а малодшая каманда з Браслава спадабалася ўсім сваім вясёлым настроем, які перадаўся і гледачам. Танцоры з Варапаева выканалі танец у стылі рок-н-ролу, а старэйшая каманда з Браслава запомнілася ўсім сваім парным танцам.

Журы цяжка было вызначыць пераможцу, але ўсё ж першае месца было прысуджана гурту з Браслава “Dream Team”, у які ўваходзіла моладзь старэйшага ўзросту. Другое месца дасталося камандзе з мёрскай парафіі, а трэцяе — камандзе “Дзеці Хрыста” з Варапаева.

braslau_dance_party41

Каманда з Глыбокага была прызнана самай арыгінальнай, а гурт “Сіняе вока”, які аб’ядноўваў малодшых браславян, самым вясёлым.

Усе ўдзельнікі атрымалі прызы, а таксама дыскі з беларускімі танцамі ад Ганны Базарэвіч. Пасля конкурсу і пачастункаў прайшла моладзевая дыскатэка, падчас якой моладзь змагла адпачыць і бліжэй пазнаёміцца адзін з адным.

На думку арганізатараў, такія мерапрыемствы трэба праводзіць часцей, бо нягледзячы на тое, што моладзь пастаянна мае між сабой зносіны ў сацыяльных сетках, такія “жывыя” сустрэчы вельмі важныя.

Відэа выступаў удзельнікаў танцавальнага конкурсу «Dance Party» >>

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку