У Браславе біскуп Алег Буткевіч асвяціў новы арган

15 кастрычніка 2017 года для касцёла Нараджэння Маці Божай у Браславе стаў асаблівым днём: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч асвяціў новы арган. На свята прыехалі і госці-ахвярадаўцы з Берліна, паведамляе waladarka.by. А пасля літургіі для прысутных зайграў ксёндз Ёаган Трумэр, прафесар Універсітэта музыкі і сцэнічных мастацтваў у г. Грац (Аўстрыя), Ганаровы доктар Беларускай акадэміі музыкі.

У браслаўскім касцёле ўжо быў адзін арган,выраблены ў пачатку 20 ст. у Кракаве і ўстаноўлены ў канцы 80-х гадоў. Але інструмент не доўга праслужыў, а яго рамонт быў дастаткова дарагім і складаным. Калі ксёндз Лешэк Вітвіцкі распачаў у касцёле рамонт, арган прыйшлося часткова разабраць. У час, калі пробашчам з’яўляўся кс. Антоні Земба, з’явілася прапанова ад субратоў-сальватарыянаў з Германіі аддаць для касцёла арган з сальватарынскай парафіі ў Берліне. Па словах цяперашняга пробашча ксяндза Станіслава Мжыглуда, складанасць пытання была ў разборцы і зборцы аргана. Таму ўжо ён вырашыў накіраваць у Берлін каго-небудзь з парафіянаў, каб пасля той мог устанавіць арган у касцёле. Такім чалавекам стаў Юрый Рышкевіч. Ён бачыў, як у Берліне разбіралі арган, усё фатаграфаваў, і ўжо потым па гэтых фота сам збіраў арган (без ніякіх іншых інструкцый). Транспарціроўка аргана з Берліна стала магчымай дзякуючы ахвярадаўцам сям’і Лянг.

У жніўні настройваць арган прыехаў арганны майстар Белдзяржфілармоніі з Мінска Генадзь Чарняўскі разам з жонкай Аксанай, наладчыцай клавішных інструментаў. Іх праца працягнулася менш тыдня, праўда, працаваць прыйшлося і па начах, каб не перашкаджаць набажэнствам у касцёле.

«Дзякуючы аргану Літургія становіцца больш узнёслай і ўрачыстай, дапамагае ў праслаўленні Бога і дапамагае чалавеку маліцца. Гук аргана становіцца сімвалам новай песні, якую мы павінны спяваць Богу. А новую песню спяваем тады, калі жывём дабром, з радасцю прымаем Божую волю», − прамовіў біскуп словы малітвы перад асвячэннем аргана.

«Сёння для Браслава асаблівая ўрачыстасць. Сапраўды, тое што перажываем, так, магчыма, для Паўсюднага Касцёла, мае не такое ўжо вялікае значэнне, а для нас мае. Для мяне асабіста, − адзначыў біскуп Алег. — Для кожнага з вас тут прысутных, асабліва для старэйшага пакалення, бо гэтай святыні нельга ўявіць без арганнай музыкі. Заслуга ў гэтым яшчэ ксяндза Чэслава Вільчынскага, які разумеў важнасць касцёльнай музыкі. І наколькі дазвалялі магчымасці ў той яшчэ савецкі час, клапаціўся пра Літургію і арган, як яго неад’емную частку. У Бога на ўсё свой час. І сёння мы дзякуем Богу за тое, што ў гэтай святыні нанова, з новай прыгажосцю гучыць арган».

У гаміліі іерарх казаў не толькі пра важнасць Літургіі, яе належнае ўспрыманне і прыгажосць, але і пра прыгажосць чалавека. Звяртаючыся да тэксту нядзельнага Евангелля пра параўнанне Божага Валадарства з вяселлем, біскуп звярнуў увагу на тыя прычыны, па якіх запрошаныя госці адмаўляліся прыйсці. Так, яны былі заняты важнымі, тэрміновымі справамі, але не галоўнымі. Калі ж не паставім ў сваім жыцці Бога на галоўнае месца, то на Яго ніколі не будзе часу, ні на малітву, ні на ўдзел у святой Імшы, а затым не знойдзем часу і на іншага чалавека, сваіх бацькоў.

«Звяртаючыся да прыпавесці, мы павінны зразумець, што адносіны з Богам, вера – павінны быць для нас самымі важнымі ў жыцці. Бо жыццё можа прамінуць за дробнымі справамі, а на важныя так і не знойдзем часу», — падкрэсліў іерарх.

Пасля Імшы адбыўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Ёагана Трумэра, прафесара Універсітэта музыкі і сцэнічных мастацтваў у г. Грац (Аўстрыя), Ганаровага доктара Беларускай акадэміі музыкі. Напрыканцы пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд і біскуп Алег Буткевіч яшчэ раз шчыра падзякавалі ўсім, дзякуючы каму ў касцёле з’явіўся новы арган, асабліва кс. Тадэвушу Зяліньскаму, былому пробашчу парафіі ў Берліне, Моніцы Лянг з Берліна, парафіяніну Юрыю Рышкевічу і арганістцы Іне Сапун.

для друку для друку