У Беларусі знялі дакументальны фільм “Касцёл на крыжы” — хутка прэм’ера

Стужка — пра лёсы святароў і храмаў у перыяд ганенняў: “Калі продкі маглі быць такімі моцнымі — можам і мы”.

У Беларусі завяршаецца праца над выпускам дакументальнага фільму “Касцёл на крыжы”. Дакументальная стужка, якую зняў тэлеканал “Белсат”, складаецца з дзвюх серый і распавядае пра людзей у перыяд камуністычных ганенняў на Каталіцкі Касцёл ў Беларусі. Першая серыя фільму распавядае пра лёсы святароў, а другая — пра трагічную гісторыю святыняў. Агулам фільм складаецца з дзевяці гісторый, распавяла рэжысёр Кася Растоцкая.

Здымкі праходзілі на тэрыторыі Гарадзенскай і Мінскай абласцей, бо гэтыя тэрыторыі адносіліся да Заходняй Беларусі — касцёлы там дзейнічалі да 1939 году і таму захаваліся жывыя сведкі, якія памятаюць, як адбываліся рэпрэсіі, і як людзі баранілі свае касцёлы.

— Кіно перш за ўсё пра людзей — пра іх асабісты боль. І пра іх асабістую сілу. Вельмі хацелася сказаць перш за ўсё беларусам: паглядзіце, якімі моцнымі мы можам быць. Калі нашыя продкі маглі быць такімі моцнымі, такімі нязломнымі — дык і мы можам, — падкрэслівае рэжысёр. — Праз фільм мы паказваем перш за ўсё пра тое, дзе ў чалавеку знаходзіцца тая мяжа, за якой звычайны чалавек робіцца героем. І высветлілася, што звычайныя людзі голымі рукамі баранілі свае святыні, калі бальшавікі спрабавалі іх забраць. Яны клаліся пад трактары, яны закрывалі сабой дзверы касцёлаў і ставілі катам умовы: “Застрэліце — тады ўвойдзеце”. Яны шмат гадоў хавалі ад рэпрэсій ксяндзоў.

Увогуле, рабіліся неверагодныя рэчы — калі звычайны чалавек, баронячы касцёл, паўставаў супраць савецкай сістэмы. І гэтая магутная сістэма нічога не магла з гэтым зрабіць.

Стужку здымалі малой групай — два аператары, гукааператар, рэжысёр і адзін актор. “У нейкі момант я увогуле адчула, што фільм пачаў здымацца сам і цягне ўжо мяне за сабой — вырашыла, што хай так і будзе”, — прызнаецца спадарыня Кася. Прэм’ера стужкі “Касцёл на крыжы” запланавана на 4 лістапада на тэлеканале “Белсат”.

www.katolik.life

для друку для друку